×

Па малюнках Орды і Карпызы

06.07.2019 14:43,

У Дабравольскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Свіслацкага раёна рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара”.

Адным з напрамкаў работы з’яўляецца арганізацыя края­знаўчай і навукова-даследчай дзейнасці па тэме “Духоўная спадчына Свіслацкага краю”. У сувязі з гэтым праведзена навуковае даследаванне, у якім вызначана, што на тэрыторыі Дабравольскага сельскага савета, апрача дзеючай царквы Успення Найсвяцейшай Багародзіцы ў аграгарадку Дабраволя, па словах мясцовых жыхароў, існавала тры храмы: два каталіцкія ў Жаркаўшчыне і Рудні, адзін праваслаўны ў аграгарадку Ціхаволя. Дакументальна было пацверджана існаванне толькі аднаго — Свята-Ануфрыеўскай царквы ў аграгарадку Ціхаволя.

Работа па вывучэнні гісторыі царквы настолькі захапіла нашых навучэнцаў, што яны вырашылі заняцца даследаваннем страчаных храмаў на тэрыторыі ўсяго Свіслацкага раёна. Пазней узнікла ідэя стварыць міні-музей ва ўстанове адукацыі.

Спачатку вывучылі літаратуру, у якой азнаёміліся з гісторыяй храмаў і іх выявамі па малюнках Напалеона Орды і Вітольда Карпызы, захаваных фотаздымках і паштоўках. Пасля навучэнцы разгарнулі творчую лабараторыю: прыступілі да вырабу макетаў храмаў. Рабілі эскізы для кожнай іх часткі, паколькі яны аб’ёмныя. Выкарыстоўвалі танны і лёгкадаступны матэрыял: кардон, газеты, папяровыя сурвэткі і трубачкі, шкарлупіну ад яек і кантэйнеры для іх. Напрыклад, пры выкананні цокаля Свята-Ануфрыеўскай царквы, касцёла Анёла-ахоўніка і франтона сінагогі ў Поразаве прымянялася тэхніка кракле з выкарыстаннем шкарлупін ад яек, пры выкананні сцен сінагогі — фетр, які выкладаўся ў шахматным парадку, у акантоўцы акон і дзвярэй — фамеранг, а пры аздабленні сцен амаль у кожным будынку выкарыстоўвалася тэхніка канструявання з газетных трубачак. Купалы рабілі з пенапласту, крыжы — з драўляных шпажак і меднага дроту.

Колькі слоў пра макет Свята-Ануфрыеўскай царквы ў аграгарадку Ціхаволя. Па словах мясцовых жыхароў і паводле захаваных фотаздымкаў, гэтая царква была драўляная, з бруса, не абабітая дошкамі, аднакупальная. Храм праіснаваў да 1944 года. У гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі перад адыходам спалілі вёску і царкву. Захаваўся купальны крыж, які зараз знаходзіцца на тэрыторыі царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Ятвеск. У царкве Успення Найсвяцейшай Багародзіцы Дабраволі знаходзяцца абразы з Ціхавольскай царквы, якія паспелі выратаваць мясцовыя жыхары.

Касцёл Іаана Хрысціцеля быў пабудаваны манахамі ў Грынявічах у 1792 годзе з цэглы. У 1832 годзе быў перароблены пад праваслаўную царкву. Захаваўся ў напаўразбураным стане, засталіся фрагменты мураванай агаро­джы і брама XVIII стагоддзя.

Трэба адзначыць, што Свіслач была вельмі багатым на архітэктурныя помнікі мястэчкам. Калі б мы раптам апынуліся ў пачатку ХІХ стагоддзя паблізу яе і паспрабавалі з якога-небудзь боку наблізіцца да мястэчка, то ў першую чаргу заўважылі б менавіта касцёльныя вежу і званіцу, якія былі тут самымі высокімі збудаваннямі.

Касцёл Святой Тройцы. Першая згадка пра яго датуецца XVII стагоддзем — касцёл быў пабудаваны ў 1668 годзе. Вядомы па акварэлі Н.Орды. Знахо­дзіўся ў цэнтры мястэчка, на былой Гімназічнай плошчы. Перад касцёлам стаяла вежападобная шмат’ярусная званіца. Над ім узвышалася вежа, на якой яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя быў вежавы гадзіннік, а ў 12 гадзін дня страляла гармата. З 1706 года ў касцёле захоўваліся метрычныя кнігі і шмат іншых дакументаў. Касцёльным архівам карысталіся вучні тагачаснай гімназіі. Ён змяшчаў каштоўныя звесткі пра гісторыю мястэчка і яго ўладальнікаў, але, на жаль, быў знішчаны разам з касцёлам у пажары 1944 года.

А вось страчаная ў 1939 го­дзе грэка-каталіцкая царква Анёла-ахоўніка, пабудаваная ў XIX стагоддзі, вядомая нам па малюнках Вітольда Карпызы. Царква Прасвятой Багародзіцы была галоўным праваслаўным храмам Свіслачы ў XIX стагоддзі; першыя звесткі пра яе існаванне адносяцца да ХVI стагоддзя. Вядома, што царква два разы перабудоўвалася. У 1788 годзе ў дзень Прасвятой Багародзіцы адбылося ўрачыстае асвячэнне царквы. Яна размяшчалася на ўзвышшы, агароджа была драўляная. Галоўны ўваход у храм меў невялікую арку-званіцу з каменю.

Выклікае цікавасць у нашых наведвальнікаў і макет касцёла піяраў у Ятвеску, пра які вядома толькі тое, што ён быў пабудаваны ў 1756 годзе, а зачынены ў 1849. На гэтым месцы ў канцы XIX стагоддзя была ўзведзена царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы, якая дзейнічае і сёння.

Неабходна адзначыць, што іўдзейская канфесія на Свіслаччыне прадстаўлена будынкамі сінагог у мястэчках Свіслач і Поразава. Сінагога была пабудавана ў Поразаве ў XIX стагоддзі з бутавага каменю. Яна не выкарыстоўваецца, таму гэты архітэктурны помнік паступова разбураецца.

Музей “Здабытае страчанае малой радзімы” стаў пераможцам рэспубліканскай акцыі “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, вандруем па Беларусі”, і яго макеты былі прадстаўлены на XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ў рамках Года малой радзімы.

Зоя УРБАНОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы  і літаратуры Дабравольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Свіслацкага раёна.