×

Пачні з сябе

11.02.2020 14:07,

Абласны этап ХІІІ Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон — 2019” прайшоў у Гродзенскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Паспрабаваць свае сілы можна было ў наступных намінацыях: “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні”, “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па  прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”, “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”, “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыi”.

Для ўдзелу ў гэтым конкурсе наша ўстанова адукацыі выбрала намінацыю “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”. Творчая група ў складзе Дзмітрыя Шунько, вучня 11 класа, Вольгі Юр’еўны Кажарновіч, настаўніцы хіміі і біялогіі, і Веры Іванаўны Лобач, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, прадставіла на конкурс відэаролік “Пачні з сябе”.

Ідэя работы простая і зразумелая, але вельмі актуальная ў нашы дні. Планета Зямля — гэта своеасаблівы вялікі банкамат прыродных рэсурсаў. Адрозненне толькі ў тым, што ў ім адсутнічае опцыя папаўнення. Гэта значыць, што непазбежным становіцца той час, калі запасы нафты, газу, вады ў гэтым банкамаце наблізяцца да нуля. Таму кожны павінен задаць сабе пытанне: “Будзем дружна чакаць такога моманту ці ўжо зараз задумаемся пра сваю ролю ў гэтай сітуацыі?” Ніхто не патрабуе асягнуць неабсяжнае. Ніхто не чакае ад нас подзвігаў, бо маленькі крок для чалавека не заўсёды вялікі крок для чалавецтва, але яго дастаткова, каб многае змяніць. Гэта значыць, кожны з нас павінен усвядоміць сваю адказнасць за будучыню планеты, кожны павінен пачаць з сябе.

Па выніках абласнога этапу конкурсу відэаролік “Пачні з сябе” быў удастоены дыплома І ступені і сертыфіката на 20 тысяч рублёў для ўкаранення энергаэфектыўных мерапрыемстваў ва ўстанове адукацыі.

Вера ЛОБАЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Сінькоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна.