×

Падарожжа да cвятынь

28.11.2019 14:59,

У 2020 годзе праваслаўныя вернікі адсвяткуюць 550-годдзе з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзе заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага манастыра. Навучэнцы і настаўнікі Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна адправіліся на экскурсію да святынь Гродзеншчыны.

У Жыровічах мы былі ў 10 гадзін, дзе ўжо была замоўлена экскурсія па манастырскім комплексе, якую праводзіў студэнт 4 курса Мінскай духоўнай семінарыі Аляксандр. У ходзе экскурсіі мы змаглі бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і асаблівасцямі архітэктуры манастыра. Таксама прайшліся па асноўных святынях комплексу: Багаяўленская, Крыжаўзвіжанская і Свята-Георгіеўская цэрквы, а таксама Свята-Успенскі сабор.

Вялікую цікавасць у дзяцей выклікалі цудатворныя іконы, асабліва цудатворная ікона Божай Маці Жыровіцкай і яго гісторыя. Дзеці ўважліва слухалі аповед экскурсавода, задавалі пытанні і атрымалі шмат новай і цікавай інфармацыі. Пасля экскурсіі ўдзельнікі набылі памятныя сувеніры. Наступным этапам нашай экскурсіі стала наведванне святой крыніцы, якая знаходзіцца ў Жыровічах, недалёка ад манастыра.

Пасля працяглай і змястоўнай экскурсіі ў Жыровічах мы адправіліся ў царкву Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах, дзе мелі магчымасць разгледзець увесь храм вакол і ўнутры. Асабліва ўразіў цудатворны абраз, абвешаны ахвяраваннямі ад вылечаных. Зачараванне малітоўнай атмасферай, каларыт архітэктурных формаў і прыгажосць храма ўскалыхнулі дапытлівыя душы дзяцей.

Пакідалі Жыровічы і Сынкавічы мы з дзіўным пачуццём важнага адкрыцця. Гэтыя мясціны здолелі ўвабраць у сябе і багатую гісторыю нашай зямлі, і дзівосную прыгажосць.

Тэрэса ГЛУШКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.