×

Падарожжа на іншы кантынент

04.09.2019 14:46,

Займальную музычна-спартыўную забаўку на свежым паветры пад назвай Сцежка індзейцаў арганізавалі і правялі для сваіх выхаванцаў педагогі дзіцячага сада № 3 Астраўца. Дзеці і дарослыя змаглі паспрабаваць сябе ў ролі індзейскіх воінаў, не толькі прымерыўшы касцюмы і атрыбуты прадстаўнікоў туземных плямёнаў, але і прайшоўшы пэўныя выпрабаванні.

У перадапошні дзень лета ўсе групы дзіцячага сада ператварыліся ў індзейскія плямёны. Хлопчыкі, дзяўчынкі і педагогі надзелі галаўныя ўборы з пёраў, упрыгожылі твары рознакаляровым грымам і сустрэліся каля вялізнага вігвама, каб у сумленнай барацьбе высветліць, хто ж з’яўляецца самым смелым, хуткім, спрытным і ўмелым.

Цырымоніяй урачыстага адкрыцця спаборніцтваў і іх наступным працэсам кіравалі Галоўны правадыр і Вялікі шаман, ролі якіх з натхненнем і гумарам выканалі музычныя кіраўнікі. Яны і “індзейскімі народнымі танцамі” дзяцей парадавалі, і карту праходжання маршруту плямёнам уручылі.

Выпрабаванні былі няпростымі — кіданне мяча, паласа перашкод, скачкі ў даўжыню, стральба з лука, а таксама яркія, завадныя індзейскія танцы.

Дзень індзейцаў атрымаўся на славу, стаўшы яркай і запамінальнай падзеяй летняга аздараўленчага перыяду.

Святлана ЛЕТА,
музычны кіраўнік дзіцячага сада № 3 Астраўца.