×

Падарожжа па краіне талерантнасці

25.11.2019 14:50,

У рамках тыдня талерантнасці для вучняў другіх класаў у cярэдняй школе № 5 Ваўкавыска прайшло мерапрыемства “Падарожжа па краіне талерантнасці”. Вучні вандравалі па краіне, якую не знойдзеш на карце, але якую заўсёды можна адшукаць у сваім сэрцы, душы, думках. Дэвіз тыдня — “Мы розныя, але мы разам!”

У час падарожжа дзеці наведалі гарады “Дабро”, “Мудрацы”, “Чароўныя словы”, “Загадкі”, прагуляліся па вуліцы “Калі ласка”, адпачылі ў горадзе “Возера ўсмешкі”. Напрыканцы аказаліся на галоўнай плошчы краіны, тут — дзівосная кветка талерантнасці, вельмі падобная да вясёлкі, пялёсткі якой дзеці сабралі ў час падарожжа.

Вучні пераканаліся ў тым, што наша Зямля — гэта месца, дзе мы можам любіць адзін аднаго, захоўваць традыцыі і працягваць гісторыю краіны талерантнасці. Мы павінны трымацца разам, лічыцца з думкамі іншага, клапаціцца адзін пра аднаго, дарыць усмешкі, добрыя словы.

Вучні першых класаў сталі актыўнымі ўдзельнікамі “Часу карыснай казкі” пра талерантнасць. Зразумела, што кожнаму хочацца, каб да яго адносіліся з павагай, называлі ласкава па імені, але для гэтага патрэбна і самім разумець людзей, адчуваць іх настрой, старацца нікога не крыўдзіць. Кожнаму прыемна, калі яго хваляць, гавораць пра яго прыемныя, добрыя словы.

Вучні не толькі абмеркавалі казку “О ёжике, который хотел привлечь к себе внимание”, але і змаглі паказаць акцёрскія здольнасці і галоўнага героя казкі ў розных сітуацыях. А які цудоўны дыяфільм атрымаўся паводле сюжэта казкі!

А яшчэ ўсе пераканаліся ў тым, што падарункі прыемна не толькі атрымліваць, але і дарыць, тым больш калі яны яшчэ і зроблены сваімі рукамі!

Вучні  1-2 класаў з каляровай паперы зрабілі навагодні падарунак сябру: падрыхтавалі закладку “Мышка” ў тэхніцы арыгамі.

Алена АГЕЙ,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска.