×

Падарожжа па родных мясцінах

07.06.2019 14:30,

5 чэрвеня вучні Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў рамках акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” напярэдадні святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў наведалі ў горадзе-героі Мінску Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — першы ў свеце, прысвечаны самай кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя.

Сёння гэта адзін з самых значных і буйных музеяў планеты, якія расказваюць пра падзеі Другой сусветнай вайны. Асабліва ўразіла дзяцей цудоўная Зала Перамогі, аформленая ў выглядзе шклянога купала берлінскага Рэйхстага, над якім у 1945 годзе савецкія воіны ўзнялі сцяг Перамогі. Адразу заўважылі дзеці, што над музеем лунае беларускі сцяг, а знутры яго празрысты купал упрыгожвае вітраж з малюнкам бусла — сімвала Беларусі.

Вельмі спадабаліся дзецям у афармленні экспазіцый мультымедыйныя тэхналогіі: шаравы экран, галаграфічныя 3D-інсталяцыі, туманны экран, які стварае эфект полымя. У інфакіёсках хлопчыкі і дзяўчынкі “гарталі” ваенныя дакументы, у тым ліку перапіску маршалаў, нямецкія загады, рукапісныя выданні і лісты франтавікоў, убачылі спісы спаленых вёсак, вязняў лагераў...

На шырокіх плазменных экранах дэманстраваліся ўнікальныя кадры з кінахронікі, а таксама больш чым 40 тысяч фатаграфій таго часу.

Карыснае дзеці сумясцілі з прыемным. Пасля наведвання музея адправіліся ў парк Чалюскінцаў, дзе атрымалі безліч уражанняў. Задаволеныя і шчаслівыя, вярталіся ў родныя пенаты.

Мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. І дзе б ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашай душы заўсёды будзе жыць памяць аб пакутах і перамогах нашых людзей, будзе з намі адчуванне моцнай повязі з гісторыяй роднага краю, зямлёй нашых бацькоў, дзядоў і прадзядоў.

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.