×

Падарожжа ў краіну эмоцый

21.03.2020 15:35,

Адной з галоўных задач педагогаў дашкольнай адукацыі з'яўляецца ахова і ўмацаванне фізічнага і псіхалагічнага здароўя дзяцей, у тым ліку іх эмацыянальнага дабрабыту.

Бацькі сённяшніх дзяцей імкнуцца даць як мага больш ведаў, навучыць дзяцей чытаць, пісаць, лічыць. А гэта звязана з вялікай нагрузкай і з'яўляецца прычынай пагаршэння псіхалагічнага здароўя дзяцей. Сучасныя дзеці больш ведаюць, але яны радзей дзівяцца, суперажываюць і імкнуцца дапамагчы слабым і хворым. У сувязі з гэтым у дзяцей назіраюцца цяжкасці ў зносінах з аднагодкамі.

Для сябе як педагога-псіхолага я паставіла галоўную задачу – стварыць камфортны псіхалагічны мікраклімат у групах, бадзёры і радасны настрой у дзяцей. Паводзіны дзіцяці, развіццё яго эмацыянальнай сферы з'яўляецца важным паказчыкам у разуменні свету маленькага чалавека і сведчыць аб яго псіхалагічным стане, дабрабыце.

Эмоцыі маюць важную ролю ў жыцці дзіцяці, дапамагаючы ўспрымаць рэчаіснасць і рэагаваць на яе. Пачуцці пануюць над усімі бакамі жыцця дашкольніка, надаючы ім асаблівую афарбоўку і выразнасць. Таму эмоцыі, якія адчувае дзіця, лёгка можна прачытаць па яго твары.

Станоўчы псіхаэмацыянальны настрой – гэта прафілактыка розных захворванняў, таму што арганізм эмацыянальна і псіхалагічна шчаслівага  дзіцяці ўстойлівы да стрэсаў і здольны змагацца з любым вірусам. Сваю работу па забеспячэнні псіхалагічнага камфорту дзяцей у групе я будую на добразычлівасці і адкрытасці, стаўлюся з павагай і даверам да бацькоў і выхаванцаў, стараюся быць вытрыманай, пазбягаю публічных негатыўных ацэнак дзяцей, вельмі часта хвалю дзяцей, ствараючы атмасферу эмацыянальнай падтрымкі, падыходжу індывідуальна да кожнага дзіцяці .

Для развіцця эмацыянальнай сферы дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту мы разам з імі адправіліся ў падарожжа ў краіну эмоцый. Тут іх сустрэла Каралева Эмоцый і прапанавала шэраг заданняў і загадак, якія выхаванцы з задавальненнем выконвалі. У ходзе падарожжа дзеці гулялі ў псіхалагічныя гульні «Цягнік», «Згубілася дзіця», «Ласкавае імя», «Падарунак», «Кампліменты», «Конкурс хвалько», «Чароўныя акуляры», гульню-практыкаванне «Перадай ўсмешку па крузе», займаліся псіхагімнастыкай «Ручаёк радасці». У выніку фарміраваўся пазітыўны настрой, добразычлівае стаўленне адзін да аднаго. Псіхалагічныя гульні спрыяюць згуртаванні дзяцей у групе, знімаюць канфліктнасць, выхоўваюць уменне разумець пачуцці іншых людзей.

Для аднаўлення сілы і зняцця эмацыйнага ўзбуджэння праводзіла з дзецьмі рэлаксацыю і дынамічныя паўзы. Усе практыкаванні на рэлаксацыю выконвала з дзецьмі пад спакойную расслабляльную музыку, прагаворваючы тэкст, даючы дзецям розныя пазітыўныя ўстаноўкі: «Вам добра, спакойна, радасна, цёпла”.

У працэсе выканання практыкаванняў задавальнялася патрэбнасць дзяцей ў прызнанні, адчуванні ўласнай паспяховасці і значнасці. Дзеці пачалі адчуваць сябе спакойна, расслабленна і ўпэўненна.

У ходзе ўзаемадзеяння, у працэсе сумеснай дзейнасці ў дашкольнікаў развіваліся ўменне разумець і адлюстроўваць эмацыйны стан з дапамогай мімікі, пантамімікі (радасць, сум, здзіўленне, крыўда і г. д.). Дзеці вучыліся  выказваць і тлумачыць свой пункт гледжання. Таксама развівіліся ўяўленне, творчае мысленне, упэўненасць ў сабе, артыстычныя здольнасці. У дзяцей выхоўваліся ўменне знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, уменне рабіць кампліменты аднагодкам, спачуванне да навакольных людзей, жаданне аказаць ім дапамогу.

Ірына БУДЗЬКО,
педагог-псіхолаг ДУА “Любчанскі ДЦРД Навагрудскага раёна”.