×

Падарункі ад беларускіх паэтаў

11.06.2019 15:04,

Незвычайны ўрок сучаснай беларускай літаратуры прайшоў напрыканцы навучальнага года ў школе № 7 г. Навагрудка. А правялі яго адзін з самых папулярных і арыгінальных беларускіх паэтаў Леанід Дранько-Майсюк і вядомы беларускі паэт, бард, перакладчык, рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень” Эдуард Акулін.

Творцы чыталі свае вершы, расказвалі вучням захапляльныя гісторыя са свайго жыцця, якія натхнілі іх на стварэнне таго ці іншага верша, апавядалі школьнікам пра прыгажосць нашай літаратуры, пра спеўную мілагучную мову, пра гонар, беларускі характар, каханне, пра мужнасць і будучыню.

Асабліва ўразілі школьнікаў верш Э.Акуліна, прысвечаны мужным воінам Афганскай вайны, і ўрыўкі архіўнай аповесці Леаніда Дранько-Майсюка пра беларускага песняра Максіма Танка, пра той час, калі малады Максім Танк супрацоўнічаў з падпольнымі структурамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і змагаўся за ўз’яднанне нашай Бацькаўшчыны.

Урок прайшоў у форме нязмушанага душэўнага дыялогу, поўнага шчырасці і адкрытасці. Вучні разам з настаўнікамі чыталі на памяць радкі з твораў класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Максіма Багдановіча, спявалі песні, жартавалі і прамаўлялі хорам вясёлы экспромт-крычалку Леаніда Дранько-Майсюка пра школу: “Кожны ведае і знае: наша школа ЗАЛАТАЯ, самая вясёлая наша школа СЁМАЯ!!!”

Напрыканцы ўрока аўтары падарылі вучням свае кнігі з аўтографамі і зрабілі сумесны фатаздымак на памяць аб запамінальнай і карыснай сустрэчы і знаёмстве з новымі сучаснымі творамі беларускай літаратуры. Такія сустрэчы запальваюць у сэрцах і душах юных школьнікаў любоў да сваіх каранёў, гонар да Радзімы і спадчыны, узбагачаюць духоўна і спрыяюць папулярызацыі беларускай літаратуры і музыкі.

Валянціна МАНЮК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Навагрудка.