×

Памнажаць славу сваёй краіны

15.03.2019 11:20,

Лелюкінскі дзіцячы сад — сярэдняя школа кожны год бярэ актыўны ўдзел у святкаванні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Педагогі і навучэнцы  арганізоўваюць разнастайныя мерапрыемствы, інфармацыйныя, класныя гадзіны, падчас якіх вучні знаёмяцца з Асноўным законам краіны, даведваюцца, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — аснова мірнага жыцця грамадства, а Дзень Канстытуцыі — важная дата для нашай краіны і беларускага народа.

Сёлета, калі наша краіна святкуе 25-годдзе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь, ва ўстанове адукацыі таксама арганізаваны і праведзены шэраг мерапрыемстваў.

У студзені — сакавіку класныя кіраўнікі 1—11 класаў разам з выхаванцамі працавалі над рэалізацыяй праекта “Канстытуцыя — асноўны закон дзяржавы”. Навучэнцы наведалі музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў Мінску і музей М.Багдановіча ў Гродне.

У лютым старшакласнікі прынялі ўдзел у прававой гадзіне з дэпутатамі Маладзёжнай палаты пры Іўеўскім раённым Савеце дэпутатаў, тэматычным пасяджэнні Маладзёжнага парламента ІV склікання пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.

На працягу сакавіка навучэнцы пачатковых і сярэдніх класаў прэзентавалі свае малюнкі на выстаўцы “Мая краіна”, прадстаўлялі тэматычныя сачыненні. Непасрэдна напярэдадні святкавання юбілею прайшлі адзіныя інфармацыйныя і класныя гадзіны. Усе змаглі пазнаёміцца з тэматычнай выстаўкай “Канстытуцыя — галоўны закон”, якая арганізавана ў ІБЦ, наведаць кіналекторый “Мая краіна. Падзеі і людзі”, прыняць удзел у віктарыне “Ці ведаеш ты Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь?”, дыскусіі за круглым сталом “Правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь”, спартыўным свяце “Здаровая нацыя — будучыня краіны”. 

Паступова нашы навучэнцы даведаюцца аб усіх законах, змогуць абдумваць свае словы і кантраляваць учынкі, цаніць чужую працу, паважаць не толькі сябе, але і іншых, змогуць годна ацаніць краіну, дзе нарадзіліся. Таму што яны — будучыня нашай Радзімы. Ім будаваць новую Беларусь, памнажаць яе славу і берагчы багацці.

Вольга БАЛАНОВІЧ,
класны кіраўнік 5 класа Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.