×

Памяць жыве!

09.08.2019 11:45,

Нам пашчасціла: мы нарадзіліся і выраслі ў мірныя дні, але гэта не значыць, што нам трэба забыць пра Вялікую Айчынную вайну. Дзеля будучыні, дзеля нашчадкаў, каб такое больш ніколі не паўтарылася, каб выхаваць новае пакаленне ў духу мужнасці, гераізму і патрыятызму, мы павінны памятаць пра тыя страшныя падзеі.

Зямля Беларусі паліта людскою крывёю. Няма ў нас такога месца, якое не было б сведкам народнага подзвігу і трагедыі. Доказ гэтаму — шматлікія абеліскі і помнікі загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне. Адлітыя з бронзы, высечаныя з камню, апранутыя ў граніт, яны пастаўлены на гарадскіх плошчах, у парках, цэнтрах пасёлкаў, на скрыжаваннях дарог, палянах і месцах спаленых вёсак.  

Адпачывючы ў аздараўленчым лагеры “Экаландзія”, дзеці разам з выхавальнікамі наведалі помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Уважліва выхаванцы слухалі пра Курган Славы ў Песках, створаны ў 1968 годзе. Першапачаткова там была размешчана пліта з прозвішчамі герояў, якія загінулі на франтах вайны ў 1941—1945 гадах. У 1985 годзе на кургане ўсталявалі яшчэ адну памятную пліту з прозвішчамі чырвонаармейцаў, якія былі забіты пры вызваленні вёскі Пескі. У 1993 годзе на месцы кургана паставілі помнік загінуўшым воінам. Выхаванцы разумеюць, што яго прызначэнне — захаваць памяць і ўдзячнасць. Помнік з’яўляецца святым месцам ушанавання тых, хто ахвяраваў жыццём дзеля вызвалення сваёй зямлі, і вечным напамінам пра бясцэннасць міру.

Яшчэ адным месцам, якое мы наведалі падчас працы лагера, стаў помнік ахвярам генацыду. На экскурсіі дзеці даведаліся, што ў час паміж сусветнымі войнамі ў мястэчку Пескі жылі 2100 чалавек, у тым ліку 1200 яўрэяў. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны колькасць яўрэйскага насельніцтва павялічылася да 1700 чалавек з ліку бежанцаў з Польшчы. Пескаўскія яўрэі мелі сваю школу і сінагогу (адну з найпрыгажэйшых у Ваўкавыскім павеце). З першых дзён акупацыі гітлераўцы пачалі наводзіць свае парадкі. Усіх яўрэяў перапісалі і загадалі ім надзець жоўтыя павязкі з нашытай зоркай Давіда. Потым цэнтр мястэчка, дзе стаялі гандлёвыя рады з мноствам яўрэйскіх крам, абгарадзілі дротам. Так з’явілася яўрэйскае гета ў Песках. 2 лістапада 1942 года ўсіх яўрэяў выгналі з дамоў і накіравалі ў Ваўкавыск. А хворых, старых і нямоглых сагналі ў адну хату і спалілі жывымі. На месцы трагедыі зараз стаіць помнік.

Такія помнікі дапамагаюць моладзі ўсвядоміць простую вечную ісціну: вайна не павінна паўтарыцца. Нам трэба прыкладаць усе сілы для таго, каб захаваць мір на зямлі, бо мір — гэта жыццё, шчасце і радасць для ўсіх людзей.

Галіна ГАЛАВЕНКА,
выхавальніца аздараўленчага лагера “Экаландзія”
Пескаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці