×

Памятаюць гераічнае мінулае

03.04.2019 15:09,

Вынікі раённага этапу абласной віктарыны “Бітва за Беларусь!”, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, падвялі ў Астравецкім раёне.

Два месяцы школьнікі і актывісты грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” паглыблена вывучалі гісторыю сваёй краіны, ваенныя дзеянні ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, знаёміліся з подзвігамі герояў. 14 работ з 11 устаноў адукацыі былі прадстаўлены на агляд журы: гэта работы ў выглядзе календара, кнігі, чароўнай скрынкі. Усе вылучаюцца паўнатой i дакладнасцю інфармацыі, творчым падыходам, яркасцю і арыгінальнасцю афармлення.

Журы, у склад якога ўвайшлі настаўнікі гісторыі ўстаноў адукацыі, ветэраны педагагічнай працы, прадстаўнікі раённага Савета ветэранаў, вызначылі чатырох пераможцаў: па дзве калектыўныя і індывідуальныя работы. Гэта калектыўныя работы з гімназіі № 1 Астраўца (кіраўнік — настаўнік гісторыі Н.Т.Мажэйка), з Гудагайскай сярэдняй школы (кіраўнік — настаўнік гісторыі Г.М.Шлыковіч), індывідуальныя работы з Варнянскіх ясляў-сада — сярэдняй школы (кіраўнік — настаўнік гісторыі, кіраўнік школьнага музея “Спадчына” Л.А.Гродзь), Савіцкай Юліі, актывісткі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Работы пераможцаў будуць удзельнічаць у абласным этапе. Творчыя работы ўдзельнікаў прадставяць у школьных музеях ў экспазіцыях, прысвечаных дадзенай тэматыцы. Школьныя музеі ўстаноў адукацыі запрашаюць наведаць экспазіцыі і даведацца аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

Жанна ЛАЎРЭЦКАЯ,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама.