×

Пасябравалі з пагранічнікамі

06.07.2019 10:50,

Навучэнцы малодшых класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні адправіліся ў госці ў в/ч 2044, каб пазнаёміцца з тымі, хто стаіць на варце граніцы.

Наша знаёмства пачалося з КПП. Прайсці праз яго мы змаглі, толькі дачакаўшыся спецыяльнага дазволу. Далей дзеці пазнаёміліся з ваенным гарадком. Яны былі ў захапленні, а тыя, у каго бацькі тут служаць, хадзілі з горда ўзнятай галавой.

Пра гісторыю ўзнікнення атрада, пра гераічных і адважных пагранічнікаў навучэнцы даведаліся ў музеі баявой славы, што знаходзіцца на тэрыторыі вайсковай часці. Экскурсавод расказала пра іх нялёгую службу, пачынаючы з часоў Вялікай Айчыннай вайны, і пра тое, як праходзіць служба на граніцы ў нашы дні. Дзеці ўбачылі шмат фатаграфій і каштоўных экспанатаў, звязаных з пагранічнай службай. Тут яны змаглі ўсвядоміць усю сур’ёзнасць і адказнасць гэтай службы, даведаліся, што значыць ахоўваць граніцы нашай краіны і спакой беларускага народа.

На гэтым вандраванне не скончылася. Наперадзе нас чакала самае цікавае — знаёмства з кіналагічным цэнтрам. На стадыёне вайсковай часці кінолагі зладзілі сапраўднае прадстаўленне. Яны прадэманстравалі, на што здольныя іх чатырохногія таварышы, калі яны разам выходзяць на баявое дзяжурства. Падчас выступлення кінолагі паказалі навыкі агульнага курсу дрэсіроўкі, але самым запамінальным стала затрыманне парушальнікаў дзяржаўнай граніцы і вызваленне заложніка.

Пасля заканчэння прадстаўлення нам была дадзена магчымасць падысці да чатырохногіх гадаванцаў, пагуляць з імі і сфатаграфавацца на памяць.

Гэта падарожжа моцна ўразіла дзяцей, яны атрымалі масу станоўчых эмоцый. Але галоўнае — у ходзе экскурсіі дзеці шмат даведаліся аб прафесіі пагранічніка і наглядна пабачылі, што значыць любіць і абараняць сваю Радзіму.

Святлана ЛАБКОВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні.