×

Патрыётамі становяцца!

13.03.2019 15:01,

Вердаміцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Свіслацкага раёна — апорная ўстанова адукацыі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў раёне. Штогод тут праходзіць патрыятычная дэкада “Нашчадкі! Жыццём сваім раўненне на подзвіг загінулых трымайце!”, у якой непасрэдны ўдзел прымаюць члены ваенна-патрыятычнага клуба “Ордэн гонару” і ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Сучаснік” інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра. У рамках патрыятычнай дэкады адбылася цікавая і змястоўная сустрэча з асобай, для каго гонар, Радзіма не проста словы.

Генерал-маёра ў адстаўцы Альвідаса Вінцэнтавіча Меджуса нашым вучням прадстаўляць не трэба. Эстафеты памяці, ваенна-патрыятычная гульня “Факел”, аўтапрабег “Ад помніка да помніка”, сход саюза афіцэраў, урокі мужнасці ў школах і на заставах — толькі малы пералік мерапрыемстваў, дзе можна сустрэцца з нашым героем.

Пасля выхаду ў запас Свіслаччына для ўраджэнца Літвы стала другім домам. А пачынаўся баявы шлях генерала ў 1959 годзе з пасады курсанта палкавой артылерыйскай школы. Артылерыя назаўжды стала галоўнай справай яго жыцця. Афіцэрскі лёс закідваў Альвідаса Вінцэнтавіча ў розныя месцы: Прыбалтыка, Забайкалле, Германія, Чэхаславакія, Усурыйскі і Прыморскі краі, цалінныя землі — і ўсюды ён не пераставаў вучыцца і павышаць свой прафесіяналізм, пра што сведчаць датэрміновыя прысваенні яму воінскіх званняў маёра і падпалкоўніка.

Ганаровага госця з вялікай цікавасцю слухалі вучні, педагогі і бацькі. Альвідас Вінцэнтавіч расказаў аб сваім жыццёвым шляху, адказаў на шматлікія пытанні. Вучняў цікавіла літаральна ўсё: якія подзвігі здзейсніў, у якіх баявых дзеяннях удзельнічаў, якія ўзнагароды мае, чым захапляецца. Самых малодшых цікавіла, ці існуе навука, якая вучыць перамагаць; што такое подзвіг і як яго здзейсніць; што неабходна слабаму, каб стаць моцным. Без перабольшання Альвідаса Вінцэнтавіча можна назваць чалавекам-легендай: 33 гады аддадзена справе ўсяго яго жыцця! У запас Альвідас Вінцэнтавіч пайшоў з пасады намесніка камандуючага ракетнымі войскамі і артылерыяй Прыбалтыйскай ваеннай акругі. Менавіта яму давялося фарміраваць першы ў Савецкай Арміі полк, абсталяваны сістэмамі залпавага агню “Ураган”, паслядоўніцамі знакамітых “Кацюш”.

Парадны кіцель генерала па заслугах і па праве ўпрыгожваюць ордэны Чырвонай Зоркі, “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР”, “Знак Пашаны”, медалі “За баявыя заслугі”, “За воінскую доблесць”. Генерал-маёра рэгулярна запрашаюць дапамагчы маладым афіцэрам у асваенні баявой тэхнікі. На такія просьбы ён заўсёды адгукаецца з радасцю, бо гэта дае магчымасць яшчэ раз дакрануцца да справы ўсяго жыцця — артылерыі.

Наведаўшы школьны музей “Ваеннай гісторыі Беларусі”, наш госць адзначыў, што тут беражліва ставяцца да мінулага. Афіцэр таксама адзначыў, што музей адлюстроўвае гісторыю жыцця і барацьбы прадстаўнікоў старэйшага пакалення, пажадаў, каб іх справы і прыклад былі для навучэнцаў арыенцірам і пуцяводнай зоркай у жыцці. У канцы сустрэчы Альвідас Вінцэнтавіч сказаў: “Патрыётамі не нараджаюцца — імі становяцца! Але для гэтага мы (бацькі, настаўнікі, выхавальнікі) павінны так падрыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцця, каб яны былі гатовыя абараніць сваіх блізкіх ад несправядлівасці, ад беззаконня, а сваю Радзіму — ад ворагаў!”.

Ала СКІБІЦКАЯ,
бібліятэкар інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра Вердаміцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Свіслацкага раёна.