×

Паўтысячы гадзін у падарунак планеце

04.10.2019 14:31,

Прыкладна столькі гадзін падарылі планеце ўдзельнікі сямейнага экавелаквесту “Падары планеце гадзіну!”, якім СШ № 12 Гродна адзначыла сваё дачыненне да Еўрапейскага тыдня мабільнасці.

Думаць глабальна — дзейнічаць лакальна — такі прынцып устойлівага развіцця выкарыстоўваецца і ў дачыненні да практык нашай установы адукацыі. Мы стараемся ісці ў нагу з прагрэсіўным чалавецтвам, спалучаючы традыцыі і інавацыі з календаром жыцці сусветнай супольнасці. Гэта надае асаблівую значнасць нашым ініцыятывам, дазваляе арганізаваць матываваны ўдзел у іх жыхароў горада. Тыдзень устойлівага развіцця, дзень без аўтамабіля, гадзіна Зямлі, дзень энергазберажэння, дзень валанцёра — далёка не поўны пералік пазіцый школьных актыўнасцей.

Дзень 21 верасня не выключэнне. Больш за 200 чалавек сталі ўдзельнікамі сямейнага велаэкаквесту. Школьнікі, іх мамы, таты, сябры і прыцягнутыя іх энтузіязмам іншыя мінакі правялі амаль тры гадзіны ў лясным масіве Ласосна. Сямейным камандам давялося выпрабаваць свае сілы і здольнасці ва ўмовах тэматычных лакацый “Веласіпедная”, “Спартыўная”, “Творчая”, “Устойлівае развіццё”, “Бяспека”, спаборнічаючы ў спрыце, інтэлекце, творчасці, разуменні важнасці ўстойлівага развіцця. Не абышлося і без экалагічнага складніка: удзельнікі квесту прыбралі бераг ракі Нёман і лясную тэрыторыю масіва, прадэманстраваўшы ўменне падзяляць смецце і падарыўшы гораду чыстую зону адпачынку, а сабе — здароўе і добры настрой.

Прыемным сюрпрызам для ўсіх стаў парад экалагічна дружалюбных транспартных сродкаў, а таксама сертыфікаты і памятныя сувеніры ад Дзяржаўтаінспекцыі УУС Гродзенскага аблвыканкама ДАІ і гарадскога камітэта ГА “БРСМ”. Арганізатары былі не менш здзіўлены: практычна ўсе ўдзельнікі выказалі жаданне паўтарыць квест. Значыць, добрай традыцыі жыць і развівацца! На карысць любімаму гораду, краіне і ўсёй планеце!


Галіна БОГДАН,
каардынатар праектнай дзейнасці СШ № 12 Гродна.