×

Перамагаюць самыя актыўныя

20.04.2019 11:45,

Лідараў-акцябрат, лідараў-піянераў і лідараў-важатых аб’яднаў конкурс “СуперТройка”. У абласным этапе ў Гродне ў рамках тыдня “Лідар новага пакалення” сустрэліся прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці, каб прадэманстраваць свае арганізатарскія якасці, творчыя здольнасці, уменне працаваць у камандзе.

— У абласным фінале ўдзельнічалі 18 каманд, якія перамаглі на раённых этапах. Яны дэманстравалі свае творчыя таленты, веданне асноўных кірункаў дзейнасці грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, — расказала старшыня Гродзенскага абласнога савета БРПА Ганна Сарасек. — Акрамя афіцыйнай праграмы, адбылося выступленне ўдзельнікаў школы сучаснага танца “Адэпт”, розыгрышы прызоў, інтэрактыў з гледачамі, працавалі фотазоны.

Конкурсныя заданні ўключалі тры завочныя — стварэнне партфоліа “Інтэрнэт-кейс важатага”, “Партфель лідара”, фотакалаж “Рукзачок акцябронка”. Дарослыя лідары і піянеры прадстаўлялі асабісты сайт, старонку ці блог, у тым ліку ў сацыяльных сетках ці на старонках сайта ўстановы адукацыі. Акцябраты расказвалі аб сабе, сваіх захапленнях, дасягненнях, марах. Фотакалаж можна было выканаць у рознай тэхніцы, у тым ліку з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсу. Свае асабістыя якасці, светапогляд ­удзельнікі конкурсу прадставілі ў відэароліках-самапрэзентацыях “Наш шлях да поспеху”.

У вочным этапе трэба было прайсці мазгавы штурм і адказаць на тры пытанні, якія тычыліся піянерскага руху.

Прадстаўленне піянерскага праекта завяршала пра­граму мерапрыемства. Было агучана шмат цікавых пра­паноў. Так, каманда сярэдняй школы № 39, якая прадстаўляла Кастрычніцкі раён Гродна, расказала аб сваім праекце “Са старога куфра, з бабулінага гарышча”. ­Праект накіраваны на стварэнне ў школе куткоў, дзе паказаны гісторыя і культура нашага народа, а цікавыя старажытныя рэчы дапамагаюць уяўляць быт беларусаў. Тройка лідараў гэтай школы ў складзе педагога-арганізатара Таццяны Янчэні, 9-класніцы Дзіяны Салавей і 4-класніка Яраслава Мешчаракова стала пераможцай конкурсу.

— Дзіяна і Яраслаў — вельмі актыўныя і творчыя лю­дзі, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Яраслаў вельмі любіць паэзію. Ён пераможца конкурсаў “Жывая класіка” і “Прывітанне, свет!”, вядучы школьных мерапрыемстваў. Дзіяна з’яўляецца членам маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, узначальвае школьны цімураўскі рух “Альфа”.

Сярод пераможцаў конкурсу “СуперТройка” таксама каманды гімназіі № 1 Слоніма і сярэдняй школы № 1 Ліды.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.