×

Пра дабрыню і спагаду

28.11.2019 11:59,

Звычайны дзень у яслях-садзе № 79 Гродна стаў незвычайным, таму што яго прысвяцілі дабрыні і разам з выхаванцамі і іх бацькамі адзначылі Міжнародны дзень дабрыні. Рыхтаваліся да яго загадзя.

І пачалі яго з праяўлення клопату і дабрыні ў адносінах да птушак. Хутка зіма, завеі, птушкам цяжка зімаваць, трэба ім дапамагаць.

— Мы прапанавалі бацькам нашых выхаванцаў зрабіць кармушкі для птушак, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 79 Алена Міхайлаўна Тарановіч. — І самі не чакалі, што кармушак будзе так шмат, такой рознай формы, з такіх розных матэрыялаў — ад выкарыстання пластыкавых бутылек да масіву дрэва. Канечне, такое хараство і фантазію трэба было ўба­чыць усім — і мы арганізавалі выставу кармушак. А яшчэ дзеткі збіралі накрыўкі ад пластыкавых бутэлек і прыносілі іх у спецыяльныя кантэйнеры, каб потым адправіць на перапрацоўку і гэтым праявіць свой клопат аб прыродзе.

Раніцай кожны мог пакінуць надпіс з пажаданнямі, словамі падзякі на папяровых сэрцайках пры ўваходзе ў садок. Мамы і таты з задавальненнем пісалі добрыя словы, усміхаліся. Такая раніца ўсім падымала настрой. Выхавальнікі ў групах праводзілі гутаркі аб дабрыні, бескарыслівасці, аб тым, як важна дапамагаць іншым, проста быць ветлівымі. У кожнай групе стваралі кола дабрыні і гаварылі аб добрых пачуццях.

А каб гэтыя прынцыпы рэалізаваліся на практыцы, арганізавалі свята “Праменьчыкі дабра”. У госці да дзяцей прыйшла Баба Яга і дапамагала арганізаваць спартыўныя эстафеты, дзе галоўным было дапамагчы адно аднаму, спявала і танцавала разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. І аказалася, што Баба Яга пры дапамозе дзетак можа стаць добрай, спагадлівай і прыгожай.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.