×

Праменьчыкі асенняга цяпла

04.11.2019 11:27,

Восень — залатая пара, якая вабіць непаўторнай прыгажосцю, абуджае фантазію, здзіўляе багаццем рознакаляровых фарбаў. Дзівоснага і незвычайнага вакол шмат. Толькі цуды ў прыродзе трэба ўмець заўважаць.

Творчая  майстэрня “Залатая восень”, якая сабрала вучняў пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Навагрудка ў шосты школьны дзень напрыканцы восені, стала сапраўды творчай дзякуючы старанню і багатай фантазіі нашых пачаткоўцаў. А запрасіў хлопчыкаў і дзяўчынак у гэтую майстэрню звычайны кляновы лісток, які завітаў у клас і прапанаваў стварыць асеннія паштоўкі для сваіх родных і блізкіх.

Дзеці вельмі стараліся: выразалі рознакаляровыя лісточкі і прымацоўвалі іх у выразаных з паперы далонях. Свае кампазіцыі вучні размясцілі на паштоўках і падпісалі з пажаданнем “Добрага асенняга дня!” сваім родным і блізкім. Вось так пазітыўна і творча прайшоў 6-ы школьны дзень. Усе разам мы прыйшлі да высновы: можна знайсці тысячу прычын, каб сумаваць, а можна знайсці адну, каб радавацца самім і радаваць сваіх блізкіх.

Вольга  ПАДМАЗАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Навагрудка.