×

Праз асабісты вопыт і творчасць. Як вераб’евіцкія вучні адпачывалі ў палатачным лагеры

20.08.2019 14:45,

Палатачны лагер Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы сапраўды папулярны на нашай навагрудскай зямлі. Менавіта ён з’яўляецца той самай праектнай пляцоўкай, дзе зараджаюцца, падтрымліваюцца і развіваюцца дзіцячыя ініцыятывы.

Мы шчыра ўпэўнены, што настаўнікі нашай школы, яны ж выхавальнікі ў палатачным лагеры, працуючы з дзецьмі, бачаць пэўныя вынікі “тут і цяпер”. Разам з калегамі мы імкнёмся стварыць у душы кожнага выхаванца астравок “Я — лепшае”, а затым пашыраць яго, пакуль “Я — лепшае” не выцісне “Я — былое”. У практыцы арганізацыі лагера мы імкнёмся хоць на самы кароткі перыяд стварыць ідэальныя адносіны паміж дзецьмі (напачатку — гэта вячэрняе вогнішча, планаванне “заўтра”, разбор дня і г.д.), а затым, абапіраючыся на іх новы асабісты вопыт і шматразова паўтараючы яго, распаўсюдзіць адносіны на жыццё калектыва.

Пастаяннае стварэнне ўмоў для творчага развіцця дзяцей — ключавая ідэя арганізацыі асяроддзя палатачнага лагера. Таму мы імкнёмся заўсёды дзейнічаць праз выхаванцаў. А дапамагае гэтаму ўключэнне кожнага ў справы дня. Дзень у лагеры будуецца з мноства асобных кадраў і творчых спраў. У хуткім тэмпе яны змяняюцца з раніцы да вечара, здзіўляючы дзяцей сваёй разнастайнасцю і багаццем.

Па традыцыі, дзень у лагеры пачынаецца з калектыўнай справы. Гэта можа быць праца па добраўпарадкаванні тэрыторыі, дапамозе прыродзе і інш. Такія справы заўсёды цікава абстаўляюцца: акцыя “Чысты лес”, калектыўная справа “Дапамажы другому”, супрацоўніцтва з лясніцтвам. Вечарам праходзіць савет справы, які прадумвае будучую працу і адказвае за яе. Ён плануе і прадстаўляе раніцай серыю творчых спраў, якія будуць адбывацца на працягу дня, раздае заданні. Вынікі дня падводзяцца на вячэрнім вогнішчы, дзе кожны выказвае сваю думку аб тым, як прайшоў дзень, а савет атрымлівае ацэнку сваёй дзейнасці.

Дарэчы, тэматыка кожнага дня прадумваецца задоўга да пачатку змены, а задача савета — прапанаваць і правясці тэматычныя калектыўныя справы. Галоўная выхаваўчая сіла лагера заключаецца ў тым, што падлеткі робяць учынкі, якія дапамагаюць ім адчуць сябе значнымі.

Вольга РАДЧАНКА,
дырэктар Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.