×

Праз казку да роднай мовы

11.06.2019 15:13,

У Макараўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Бераставіцкага раёна выхавальнікі праводзяць вялікую работу з дашкольнікамі па развіцці беларускага маўлення, па далучэнні дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбленні знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам.

Авалоданне роднай мовай як сродкам зносін і пазнання навакольнай рэчаіснасці — адзін з найважнейшых набыткаў дзіцяці ў дашкольным узросце. Найчасцей беларускай мовай дзеці авалодваюць не ў сям’і і не ў працэсе актыўных зносін з блізкімі людзьмі, а ва ўмовах спецыяльна арганізаванай дзейнасці.

Для большасці дзяцей першай мовай з’яўляецца руская. Менавіта на рускай мове дзіця вымаўляе першыя словы і думае, адпаведна, таксама па-руску. Паўнавартаснае беларускамоўнае асяроддзе ў дашкольнікаў адсутнічае. У сувязі з гэтым узрастае роля дашкольнай установы, на якую ўскладаецца адказнасць не толькі за развіццё ў дзіцяці камунікацыйных навыкаў, але і фарміраванне сродкамі мовы нацыянальнай самасвядомасці, перадачу літаратурнай спадчыны, культурных традыцый, назапашаных беларускім народам на працягу гісторыі існавання. Такім чынам, боку паўстае праблема фарміравання двухмоўнай асобы, існуюць аб’ектыўныя цяжкасці па яе вырашэнні.

У сваёй дзейнасці развіваю беларускае маўленне дашкольнікаў з дапамогай актыўнага выкарыстання беларускай народнай казкі. Казка ўвасабляе сабой сапраўдную моўную лабараторыю, у якой нараджаюцца, адпрацоўваюцца і выпрабоўваюцца фанетычныя, лексічныя і сінтаксічныя скарбы нацыянальнай мовы. Праз казкі знаёмлю дзяцей дашкольнага ўзросту з уласцівымі беларускімі зваротамі: пятух-чабятух, курачка-сакатушка, лісіца-хітрыца, муха-пяюха, каток — залаты лабок і іншымі. Дзеці з задавальненнем слухаюць і паўтараюць гэтыя словы, што ўзбагачае іх слоўнікавы запас. Казка садзейнічае засваенню асаблівасцяў гукаў беларускай мовы, развіццю здольнасці ўжываць словы ў правільнай граматычнай форме, авалодванню сінтаксічным ладам беларускай мовы.

У працэсе працы над кожнай часткай казкі задаю пытанні трох узроўняў: фактычны, ідэйны і ўзровень асабістых адносін. Возьмем, напрыклад, казку “Лёгкі хлеб”. На фактычным узроўні можна задаць пытанне “Як хлеб здабываюць?”. На ідэйным узроўні — “Чаму касец сказаў, што воўк паспытаў лёгкага хлеба?”. На ўзроўні асабістых адносін — “Ці шкада вам ваўка?”. Увагу дзяцей пры гэтым звяртаю на тое, што, адказваючы на пытанні, пажадана ўспомніць і выкарыстаць словы з казкі. Гэта спрыяе ўзбагачэнню слоўніка дзяцей і больш свабодным зносінам на беларускай мове.

Неад’емны элемент аналізу кожнай часткі казкі — слоўнікавая работа. Асаблівую ўвагу дзяцей звяртаю на моўныя сродкі ў казцы: азначэнні, прыдаткі, словы, якія дзеці не чулі ў іншых творах на беларускай мове (напрыклад, пагулянка, муха-пяюха, мышка па паліцах скрабатуха, жабка па сажалках рагатуха, вавёрка па елках скакуха, зваць-велічаць і інш.). Дзеці з цікавасцю слухаюць тлумачэнне гэтых слоў, а пасля прыдумваюць сказы з гэтымі словамі.

Веды і навыкі, атрыманыя на беларускай мове ў час заняткаў, сістэматычна замацоўваюцца ў вольны час: у гульнях, практыкаваннях (дыдактычная гульня “Успомні казку”; гульня “Мы не скажам, а пакажам”, у якой патрэбна без слоў, а толькі дзеяннямі і рухамі паказаць герояў беларускіх народных казак; гульня “Мой любімы казачны герой”, у якой ад дашкольнікаў патрабую так расказваць пра героя, каб, не называючы яго, слухачы адгадалі, хто гэта; дыдактычная гульня “Назаві беларускія народныя казкі”, у якой дзецям прапаноўваю не толькі ўспомніць і назваць беларускія народныя казкі, але і перадаць змест, назваць герояў, ахарактарызаваць іх; у час дыдактычнай гульні “Успомні ланцужок падзей” прапаноўваю ўспомніць падзеі з пэўнай казкі).

Такім чынам, сістэматычная работа па развіцці беларускага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі беларускай народнай казкі дапамагае атрымаць адчувальныя вынікі. Мова дзяцей стала лагічная і паслядоўная, граматычна правільная, пашырыўся слоўнікавы запас. Выхаванцы сталі шырока выкарыстоўваць народныя мастацка-моўныя сродкі, трапныя выразы (прыказкі, прымаўкі), эпітэты, яркія параўнанні, метафары.

Ганна ГУБАР,
выхавальніца Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.