×

Прынцып мінімакса

22.08.2019 11:44,

У 23 установах адукацыі краіны з верасня 2017 года рэалізуецца  інавацыйны праект “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Сярод удзельнікаў праекта і калектыў сярэдняй школы № 15 Ліды. Аб тым, як працуюць педагогі ў інавацыйным праекце, дасягненнях настаўнікаў і вучняў гутарым з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце І.І.АГУРЭЦКАЙ.

— Ірына Іосіфаўна, як пачыналася ў школе дзейнасць па інавацыйным праекце?

— Пачынаючы інавацыйную дзейнасц­ь, адміністрацыя школы  правяла глыбокі аналіз матэрыяльна-тэхнічнага, фінансава-эканамічнага, кадравага забеспячэння праекта. Разам з аўтарам інавацыйнага праекта Святланай Іванаўнай Гін вызначылі мэту, задачы дзейнасці адміністрацыі, настаўнікаў пачатковых класаў, педагога-псіхолага, асноўныя прынцыпы работы ў рэжыме інавацыі, быў складзены каляндарны план з канкрэтызацыяй кожнага этапу. У жніўні 2017 года пабывалі на вучэбным семінары “Асноўныя падыходы да рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта” ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі са стажам больш за 30 гадоў Соф’я Станіславаўна Таўкун, Рома Феліксаўна Рум, Валянціна Васільеўна Халіна і малады спецыяліст педагог-псіхолаг Антаніна Леанардаўна Багушэвіч пачалі работу па рэалізацыі праекта. У верасні была праведзена педагагічная дыягностыка зыходнага ўзроўню падрыхтоўкi вучняў: вывучаліся пазнавальныя інтарэсы, уменне разважаць, першапачатковыя ўменні чытаць і лічыць. У ходзе сістэматычных назіранняў аналізавалася ўменне фантазіраваць, прыдумляць, знаходзіць неардынарнае вырашэнне розных праблемных сітуацый.

З мэтай надання сістэмнасці назіранням і адсочвання вучэбных дасягненняў былі складзены кароткія характарыстыкі навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі. Педагогі назіралі, фіксавалі і аналізавалі матывацыю вучняў, іх вучэбную і творчую дзейнасць, абстрактнае мысленне (рашэнне задач), вялі карты адоранасці вучняў (педагагічныя і псіхалагічныя), дзённікі інавацыйнай дзейнасці. Ужо на працягу першага года навучання рэгулярна праводзіліся і аналізаваліся праверачныя, заліковыя, алімпіядныя работы, афармляліся партфоліа навучэнцаў, праводзіліся індывідуальныя і групавыя кансультацыі для іх законных прадстаўнікоў.

— Якія формы работы з навучэнцамі выкарыстоўваюцца ў ходзе рэалізацыі праекта?

— Асноўнымі формамі работы з навучэнцамі сталі індывідуальная і дыферэнцыраваная. Для фарміравання і развіцця навыкаў чытання і пісьма, лагічнага мыслення, вылічальных навыкаў актыўна прымяняліся элементы тэхналогіі ТРВЗ, актыўнага інтэр­актыўнага навучання, стваралася атмасфера супрацоўніцтва, сітуацыя поспеху і г.д.

Змест вучэбнай праграмы дапаўняўся за кошт уключэння ў ход вучэбных і факультатыўных заняткаў, метадычных рэкамендацый, кампетэнтнасна арыентаваных і дадатковых заданняў навуковага кіраўніка праекта С.І.Гін, дыдактычных матэрыялаў, вучэбных дапаможнікаў. Розныя конкурсы і інтэлектуальныя віктарыны, планавая і пазапланавая псіхалагічная дыягностыка і далейшая карэкцыйна-развіццёвая работа педагога-псіхолага з навучэнцамі былі закліканы вызна­чыць групу высокаматываваных навучэнцаў.

У красавіку — маі 2018 года сумесная работа ўсіх удзельнікаў інавацыйнай дзейнасці дазволіла выявіць мэтавую групу высокаматываваных навучэнцаў 1-х класаў, што сведчыла аб выкананні пастаўленай мэты на 2017/2018 навучальны год.

— Як прайшоў у праекце мінулы навучальны год?

— Адукацыйны працэс у 2018/2019 навучальным годзе будаваўся зыходзячы з асноўнай мэты інавацыйнай дзейнасці на другім этапе — выкарыстання дыферэнцыраванага падыходу на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Работа па дасягненні гэтай мэты сістэматычна вялася на ўроках рускай мовы і літаратурнага чытання, матэматыкі і вучэбнага прадмета “Чалавек і свет”.

Для павышэння цікавасці да вывучэння гэтых прадметаў, актывізацыі разумовай дзейнасці вучняў настаўнікі выкарыстоўвалі на ўроках разнастайныя метады навучання, нестандартныя, арыгінальныя прыёмы. Ствараліся атмасфера супрацоўніцтва і добразычлівасці, сітуацыі поспеху для кожнага, выкарыстоўваліся калектыўныя формы работы, элементы займальнасці пры вывучэнні вучэбнага матэрыялу, праблемныя сітуацыі.

Найбольшы  эфект на занятках стваралі сітуацыі, у якіх навучэнцы самі павінны былі адстойваць сваё меркаванне і прымаць у­дзел у дыскусіях, ставіць пытанні сваім таварышам і настаўніку, рэцэнзаваць адказы аднакласнікаў, займацца навучаннем адстаючых і тлумачыць больш слабым вучням незразумелыя тэмы вучэбнага матэрыялу, самастойна выбіраць пасільныя заданні і шукаць варыянты рашэння пазнавальнай задачы.

Асноўным прынцыпам работы настаўнікаў з’явіўся прынцып мінімакса, пры якім змест адукацыі навучэнцам прапаноўваўся па максімальным узроўні і забяспечвалася яго засваенне не ніжэй за мінімальны ўзровень, пры гэтым развіццё навучэнцаў мэтавай групы знаходзілася на значна больш высокім узроўні, чым у астатніх навучэнцаў.

На кожным уроку арганізоўвалася самастойная работа: класу прапаноўваліся тыпавыя заданні, а дзецям з высокай вучэбнай матывацыяй — задачы павышанай цяжкасці. Для гэтага выкарыстоўваліся заданні павышанай складанасці з падручніка, практыкаванні з банка рознаўзроўневых заданняў, з “Банка дапамогі” і г.д. Актыўна выкарыстоўваліся на ўроках практыкаванні на класіфікацыю, абстрагаванне і аналогію.

Дыферэнцыяцыя на ўроках матэматыкі ажыццяўлялася шляхам прымянення метаду мадэлявання (рашэнне задачы з апорай на схему, чарцёж, малюнак) і метаду вар’іравання тэкставых задач (спосаб канструявання з адной задачы (базавай) ланцужка ўзаемазвязаных задач). Актыўна выкарыстоўваўся на ўроках матэматыкі метад “Мазгавы штурм”, які дазваляў зняць псіхалагічную інерцыю і атрымаць максімальную колькасць новых ідэй у мінімальны час.

На ўроку рускай мовы навучэнцам мэтавай групы прапаноўвалася падзяліць тэкст на сказы, выправіць маўленчыя і арфаграфічныя памылкі, зрабіць выснову, запоўніць табліцу сваімі прыкладамі, самастойна скласці сказы да зададзенай схемы, выпі­саць словы, у якіх чаргуюцца гукі, аднакарэнныя словы і формы аднаго слова; падаб­раць да слова сінонімы і антонімы, замяніць выраз фразеалагічным зваротам і г.д.

На ўроках літаратурнага чытання ў якасці дыферэнцыраваных заданняў высокаматываваным навучэнцам неабходна было прачытаць тэкст самастойна і перака­заць яго падрабязна ад 3-й асобы, падзяліць тэкст на часткі і даць ім загаловак, прыдумаць для тэксту іншую назву і аргументаваць яе, скласці цытатны план, скласці сінквейн, пры самастойным чытанні выкарыстоўваць прыём “інсерт”, пры рабоце ў парах выкарыстоўваць прыём “слушныя і няслушныя сцвярджэнні” і г.д.

На ўроках па прадмеце “Чалавек і свет” пры арганізацыі дыферэнцыраванай работы за аснову былі ўзяты кампетэнтнасна арыентаваныя заданні, распрацаваныя аўтарам інавацыйнага праекта С.І.Гін. Навучэнцы мэтавай групы пад кіраўніцтвам настаўнікаў і самастойна вылучалі істотныя і неістотныя прыкметы аб’ектаў і з’яў, параўноўвалі, ажыццяўлялі класіфікацыю, устанаўлівалі прычынна-выніковыя сувязі, дапаўнялі і сістэматызавалі інфармацыю.

— Якія яшчэ новыя методыкі і тэхналогіі выкарыстоўвалі настаўнікі-наватары ў сваёй рабоце?

— Нашы настаўнікі-наватары С.С.Таўкун, Р.Ф.Рум, В.В.Халіна выкарыстоўвалі тэхналогію разумнага чытання з дапамогай падручніка-сшытка “Каварнае макавае поле”, створанага С.І.Гін і групай яе аднадумцаў. На сённяшні дзень і тэхналогія, і падручнік не маюць аналагаў. Навучанне прадугле­джвае шырокае выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій. Абавязковай умовай з’яўляецца наяўнасць смартфона ў настаўніка і ўсіх навучэнцаў. На смартфон усталёўваюцца дадаткі QR-код і “Набяры SMS голасам”, пры праглядзе відэаролікаў выкарыстоўваюцца навушнікі.

Дапаможнік арыентаваны на пашырэнне кругагляду вучняў за кошт інтэграцыі гуманітарных і прыродазнаўчых ведаў. Пры гэтым за аснову бярэцца фрагмент тэксту, са зместу якога арганічна выцякаюць усе наступныя пытанні і заданні метапрадметнай накіраванасці. Работа на ўроках са смартфонамі з выкарыстаннем QR-кодаў для дзяцей нязвыклая, але вельмі цікавая. Выкананне кожнага задання вучыць, развівае, падахвочвае да ведаў і адкрыццяў. Адно заданне можа аб’ядноўваць у сабе звесткі з розных галін навукі: матэматыкі, геаграфіі, біялогіі, батанікі, астраноміі, выяўленчага мастацтва. Развіваецца маўленне, уяўленне, памяць, мысленне навучэнцаў. Настаўнікі, працуючы па ўнікальным падручніку, уносяць у апрабацыю свае творчыя задумкі і знаходкі, разнастайваюць прыёмы і формы работы, аптымізуюць уласную дзейнасць, праламляюць кожнае заданне ў адпаведнасці з адметнымі асаблівасцямі сваіх класаў.

Вялікую цікавасць ва ўсіх дзяцей, асабліва ў высокаматываваных навучэнцаў, выклікалі дні самаадукацыі, якія праводзіліся ў апошні дзень кожнай чвэрці. Навучэнцы ў гэты дзень прыносілі ў клас і рэкламавалі розныя энцыклапедыі, любімыя кнігі, арганізоўвалі выставы, абменьваліся ўражаннямі, выступалі з паведамленнямі.

— У размове вы некалькі разоў звярнулі ўвагу на вялікую дапамогу ў рабоце з боку Святланы Іванаўны Гін.

— Так, аўтарам інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі” з’яўляецца Святлана Іванаўна Гін, настаўніца пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, дацэнт кафедры педагогікі і прыватных методык Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў, кандыдат педагагічных навук. Яе падтрымка, дапамога, кансультаванне адыгрыва­юць неацэнную ролю ў нашай рабоце.

Пры зносінах з удзельнікамі праекта Святлана Іванаўна выявіла найбольш тыповыя цяжкасці пачатковага перыяду. Яна стварыла сеткавую суполку педагогаў-наватараў “Новая школа”, сістэматычна прапаноўвала для выканання вучнямі кантрольныя, праверачныя, алімпіядныя работы, высылала камплекты дадатковых заданняў па матэматыцы, рускай мове, рускай літаратуры, вучэбным прадмеце “Чалавек і свет”, а таксама разнастайныя матэрыялы для арганізацыі дыферэнцыраванага навучання ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.

У сакавіку 2019 года падчас планавага наведвання нашай школы С.І.Гін  правяла майстар-клас па літаратурным чытанні, на якім прысутнічалі настаўнікі пачатковых класаў, усе зацікаўленыя настаўнікі II і III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

— Ірына Іосіфаўна, аб якіх выніках можна гаварыць пасля двух гадоў работы ў праекце?

— Аналіз выніковых даных педагагічнай і псіхалагічнай дыягностыкі навучэнцаў сведчыць аб тым, што інавацыйны праект рэалізуецца паспяхова, навучэнцы мэтавых груп працуюць прадукцыйна, праблем у прыняцці іх аднагодкамі не выяўлена.

У навучэнцаў мэтавай групы на высокім узроўні пазнавальныя працэсы, прысутнічае жаданне праяўляць сябе ў розных конкурсах, алімпіядах, інтэлектуальных спаборніцтвах. На школьных прадметных алімпіядах па рускай мове і матэматыцы ўсе прызавыя месцы былі заваяваны навучэнцамі мэтавай групы. Па выніках Усерасійскай анлайн-алімпіяды “uchi.ru “Заврики” па рускай мове і матэматыцы 37,5% удзельнікаў атрымалі дыпломы пераможцаў, 25,5% — пахвальныя граматы. Навучэнцы мэтавай групы прымалі актыўны і выніковы ўдзел у між­народных конкурсах “Кенгуру-2018”, “Бабёр-2018”, “Буслік-2018”, “Кенгуру-2019” і г.д.

Па выніках псіхалагічнай дыягностыкі ў 87,5% навучэнцаў мэтавай групы выяўлены высокі ўзровень мыслення, у 12,5% навучэнцаў — сярэдні ўзровень, нізкі ўзровень мыслення адсутнічае. Завышаная самаацэнка выяўлена ў 16,7% навучэнцаў, адэкватная самаацэнка — 83,3%, заніжаная самаацэнка не выяўлена. Агульная трывожнасць навучэнцаў мэтавай групы знаходзіцца на сярэднім узроўні, што сведчыць аб тым, што навучэнцы перажываюць, як яны выглядаюць у вачах іншых людзей у момант ацэнкі іх ведаў, не заўсёды ўпэўнены ў трываласці сваіх ведаў.

Аналіз даных па мэтавых групах паказаў, што ў вучняў найбольш выражана “пазіцыя школьніка”: дзеці накіраваны на засваенне спосабаў здабывання ведаў, праяўляюць вялікую цікавасць да прыёмаў самастойнага іх набыцця, да метадаў навуковага пазнання. А нашы педагогі-наватары гатовы да разумення новага, да змены мэтавых арыенціраў, супрацоўніцтва, змен у сістэме адукацыі.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.