×

Разам працаваць цікава

06.07.2019 14:36,

Cярэдняя школа № 12 Гродна і гімназія № 1 Ліды супрацоўнічаюць у рамках асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, разам удзельнічаюць у розных праектах.

Але да нядаўняга часу часцей сустракаліся педагогі, знаёмства і ўзаемадзеянне навучэнцаў адбывалася анлайн або завочна ці кароткачасова ў Мінску на мерапрыемствах асацыяцыі.

У лістападзе мінулага года намеснік дырэктара гімназіі Ала Роўбуць зацікавілася творчай прэзентацыяй сярэдняй школы № 12 у рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Грамадства”. Прадстаўлены вопыт выкарыстання падыходу “роўны навучае роўнага” ў рэалізацыі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў у інтарэсах устойлівага развіцця падаўся актуальным для гімназістаў, як і магчымасці студый творчага развіцця асобы — інавацыйнага інструмента рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі адукацыйнай практыкі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў мэтах фарміравання творчага патэнцыялу навучэнцаў (2017—2020)”.

Было вырашана сустрэцца ў нашай школе ў рамках адкрытай майстэрні (воркшопа) “Школьнікі — агенты пазітыўных змен у інтарэсах устойлівага развіцця”. Абраны фармат дазволіў дзецям і педагогам падзяліцца эфектыўным вопытам адукацыйных практык, а выкарыстанне інтэрактыўных тэхналогій забяспечыла высокую актыўнасць і зацікаўленасць удзельнікаў, выніковасць іх узаемадзеяння.

 У ходзе дэманстрацыі творчых візітак валанцёрскіх аб’яднанняў, падчас круглага стала, трэнінгу “роўны навучае роўнага”, лабараторыі сторы­тэлінгу дзеці і дарослыя змадэлявалі вобраз школы ўстойлівага развіцця, намецілі перспектывы супрацоўніцтва, прааналізавалі магчымыя варыянты падлеткавых паводзін у складаных жыццёвых сітуацыях, напоўнілі эмоцыямі прэс-рэліз мерапрыемства, азнаёміліся з прыёмамі фарміравання творчага патэнцыялу і заклалі адкрытую сімвалічную прастору “РАЗАМ”.

Сустрэча завяршылася флэшмобам “Ведай свае мэты!”, таксама ў нефармальных зносінах удзельнікі дзяліліся ўражаннямі аб праектах і абменьваліся кантактамі. Напрыклад, навучэнец гімназіі № 1 Ліды Мац­вей Заблоцкі быў уражаны дзейнасцю атрада юных інспектараў дарожнага руху сярэдняй школы № 12, а настаўнік гімназіі Аляксей Аляксандравіч Сымановіч дадаў:

— Майстэрня “Школьнікі — агенты пазітыўных змен у інтарэсах устойлівага развіцця” здзівіла сваёй адкрытасцю. Незнаёмыя дзеці з розных гарадоў хутка знайшлі агульную мову, а аб’ядналі іх Мэты ўстойлівага развіцця. Яны праявілі актыўнасць, здольнасць творча думац­ь. Каштоўнасць паездкі вялікая, такіх сустрэч павінна быць больш: цёплыя жывыя зносіны не замяніць холадам сацыяльных сетак”.

Візіт у Ліду запланаваны на лістапад, а перад гэтым нас чакае цікавы інтэрнэт-праект, удзел у стварэнні віртуальнага кейса сторытэлінгу, распрацоўка сумесных ініцыятыў, бо ўстойлівасць інтарэсаў немагчымая без рэальнага садзейнічання на карысць вялікай і малой радзімы і ўсёй планеты. “Думай глабальна — дзейнічай лакальна”. Вынікі работы адкрытай майстэрні сталі практычным пацвярджэннем аднаго з прынцыпаў устойлівага развіцця.

Галіна БОГДАН,
каардынатар праектнай дзейнасці сярэдняй школы № 12 Гродна.