×

Разумныя карты

11.01.2020 12:00,

У навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю зніжана матывацыя да маўленчай дзейнасці. Яны неактыўна ўдзельнічаюць у размове, адказваюць коратка і не заўсёды правільна. Абмежаваны слоўнікавы запас, няўменне правільна пабудаваць сваё маўленне прыводзяць да адсутнасці звязнасці пры пабудове выказвання, з’яўляецца праблема запамінання і наступнага ўзнаўлення матэрыялу, які вывучаецца, асабліва на вучэбных занятках па прадмеце “Чалавек і свет”.

Працуючы з навучэнцамі з інтэлектуальнай недастатковасцю, разважала над тым, як дапамагчы ім запомніць вялікі аб’ём вучэбнага матэрыялу, пабудаваць звязнае выказванне па зададзенай тэме. На дапамогу прыйшлі разумныя карты — адзін з інструментаў мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі.

Разумная карта — гэта добры наглядны матэрыял, з якім дзецям лёгка і цікава працаваць. Запомніць яго намнога прасцей, чым друкаваны тэкст з падручніка. Разумная карта дае дзіцяці поўную карціну, якая злучае ў адзінае цэлае тэмы і з’явы, якія на ёй адлюстраваны.

Разумныя карты выкарыстоўваліся падчас калектыўнай, групавой і індывідуальнай работы на ўроку “Чалавек і свет”.

На пачатковым этапе карта выкарыстоўвалася як наглядны дапаможнік для вывучэння ці замацавання новага матэрыялу. Карту складала сама, пры гэтым не проста прадстаўляла закончаны варыянт карты, а стварала яе на вачах навучэнцаў, стараючыся ўключаць дзяцей у гэты працэс. Навучэнцы на ўроках знаёміліся з картай, вучыліся яе чытаць і прымяняць пры выкананні розных заданняў, складаць звязнае выказванне па тэме, якая вывучаецца. У далейшым рыхтавала каркас карты, які потым разам з навучэнцамі да­працоўвалі падчас заняткаў. Адным з правіл стварэння разумнай карты з’яўляецца тое, што яна павінна быць яркай, з малюнкамі ці карцінкамі.

Для больш паспяховага выніку ў складанні карт да работы былі падключаны і баць­кі навучэнцаў. Гэтая форма работы выкарыстоўвалася пры падрыхтоўцы дамашняга задання. З бацькамі праводзіліся кансультацыі, дзе яны знаёміліся з правілам стварэння разумных карт. Запрашаліся на ўрокі, каб паглядзець, як выкарыстоўваюцца карты для пабудовы сказаў, расказу па тэме, што вывучаецца.

Выкарыстоўваючы разумныя карты для пабудовы маўленчага выказвання, пераканалася, што яны могуць прымяняцца на любых этапах урока.

На этапе праверкі ведаў выкарыстоўваюцца наступныя прыёмы:

— навучэнцам прапануецца самастойна з некалькіх слоў выбраць ключавыя да галінкі, якая разглядаецца;

— на галінку дабаўляецца слова, якое не адносіцца да гэтага паняцця.

Задача навучэнцаў — выправіць памылку і знайсці лішняе слова.

Пастаноўка задач урока. У гэты працэс уключаюцца ўсе вучні. Кожнаму даецца магчымасць выказаць сваё меркаванне і паставіць вучэбную задачу. У гэтым дапамагае складзеная матывацыйная карта “Задачы ўрока”.

Пры вывучэнні новага матэрыялу часам прапануецца гатовая мадэль разумнай карты, якая дапамагае навучэнцам засяродзіцца на ключавых паняццях. З’яўляецца больш часу для работы са словам. Вывучаецца гласарый па тэме, удакладняюцца значэнні новых слоў.

Для таго каб слабым вучням было лягчэй адказаць на пытанні, пабудаваць сваё выказванне, спачатку пытаю больш моцнага вучня ці даю свой узор пабудовы фразы, расказу.

На этапе замацавання ведаў выкарыстанне разумных карт дазваляе замаца­ваць сэнсавую інфармацыю па тэме, якая вывучаецца. Запоўніўшы карту, навучэнцы задаюць адно аднаму пытанні па тэме.

Апошнім этапам структуры ўрока з’яўляецца рэфлексія. У канцы ўрока мы падво­дзім вынікі, абмяркоўваем тое, пра што даведаліся, як працавалі.

Разумныя карты дазваляюць фарміраваць звязнае выказванне навучэнцаў: дзіця бачыць перад сабой зрокавыя вобразы (карцінкі), словы, якія дапамагаюць пашырыць слоўнік, скласці план выказвання, у яго ўзнікае жаданне сказаць пра тое, што наглядна адлюстравана і зразумела яму. Такім чынам, нагляднасць і план выказвання, а таксама ўзор расказу, дадзены настаўнікам, дазваляюць навучэнцам скласці звязны аповед па вывучанай тэме.

Іна НАЙДЗЕН,
настаўнік-дэфектолаг Іўеўскай сярэдняй школы.