×

Робататэхніка ў школе

05.11.2019 12:00,

Сучасны свет гатовы даць дзіцяці многа цікавага, а галоўнае, карыснага. Адзін з такіх варыянтаў — робататэхніка, навучанне розным сучасным тэхналогіям, што вельмі займальна для дзяцей. У нашай школе створана аб’яднанне  “My robot”.

Яго наведваюць 15 вучняў ва ўзросце ад 10 да 12 гадоў. Заняткі праходзяць адзін раз на тыдзень па дзве гадзіны. У якасці асноўнага абсталявання пры навучанні робататэхніцы прапануюцца канструктары LEGO. Вучні працуюць з наборам Lego Mindstorms Education EV3. Навучанне адбываецца ў працэсе гульні. Дзеці самі збіраюць мадэлі робатаў, якасці якіх прымяняюцца ў штодзённым жыцці.

Lego Mindstorms Education EV3 забяспечвае прастату пры зборцы пачатковых мадэляў, што дазваляе вучням атрымаць вынік у межах аднаго або пары ўрокаў. І пры гэтым магчымасці ў змене мадэляў і праграм вельмі шырокія. Такі падыход дапамагае навучэнцам ускладняць мадэль і праграму, праяўляць самастойнасць у вывучэнні тэмы. Праграмнае забеспячэнне LEGO MINDSTORMS Education EV3 мае шырокія магчымасці, у прыватнасці, дазваляе весці рабочы сшытак і прадстаўляць свае праекты ў асяроддзі праграмнага забеспячэння LEGO EV3.

Бацькі з цікавасцю назіраюць за захапленнем сваіх дзяцей робататэхнікай. Сочаць за іх поспехамі ў асваенні новых тэхналогій, радуюцца, што дзеці з цікавасцю і карысцю праводзяць вольны час.

Аб’яднанне па інтарэсах “My robot” для дзяцей нашай школы адкрывае шырокія магчымасці і ў будучыні можа даць старт у прафесію. Захапляльныя заняткі па робататэхніцы развіваюць у дзяцей мысленне, фарміруюць камунікатыўныя ўменні, навыкі вядзення дыскусіі, вучаць працаваць у камандзе. У будучыні дзеці будуць камфортна адчуваць сябе ў новым свеце і лёгка разбірацца з новымі тэхналогіямі, а гэта вялікая перспектыва для кожнага.

Аляксандр БАНДЫСІК,
настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.