×

Што мы ведаем пра “Цянь Ся”?

04.10.2019 14:27,

У рамках тыдня кітайскай мовы, які прайшоў у сярэдняй школе № 7 Смаргоні, для вучняў 5-х класаў была праведзена гульня-віктарына “Як добра я ведаю Паднябесную”. Дзеці падзяліліся на каманды і з азартам адказвалі на пытанні пяці раўндаў, аб’яднаных пэўнай тэматыкай.

Якая птушка сімвалізуе моцную сям’ю? Што жыхары Паднябеснай называюць “хваробай чырвоных вачэй”? Які ўсімі любімы дэсерт быў вынайдзены ў Кітаі? Якую лічбу кітайцы лічаць нешчаслівай і імкнуцца яе пазбягаць пры любой магчымасці? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні выклікалі непадробную цікавасць у пяцікласнікаў. Дзеці не маглі паверыць, што Вялікую Кітайскую сцяну відаць з космасу, але гэта сапраўды так!

Асабліва даспадобы дзецям прыйшоўся раўнд “Уся мудрасць у прыказках і прымаўках”: менавіта там яны набралі максімальную колькасць балаў. Маладыя знаўцы з лёгкасцю змаглі скончыць пачатыя прыказкі, выдатна адчуўшы ход думак азіяцкага народа. Але толькі каманда дзяўчынак змагла знайсці аналаг кітайскай прыказцы “Два тыгры не могуць ужыцца на адной гары”. А вы зможаце правесці паралель і знайсці ў нашай мове падобнае выслоўе? Паспрабуйце!

І хоць пераможцам у выніку выйшла толькі адна каманда з трох, але настрой усіх астатніх удзельнікаў віктарыны абсалютна не сапсаваўся: дзякуючы гульні яны пашырылі веды аб дзіўнай краіне “Цянь Ся”, пазнаёміліся з яе традыцыямі і звычаямі, стравамі і сімваламі далёкага для нас Кітая.


Таццяна СЛАБКО,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Смаргоні.