×

Скарбы для здароўя

22.11.2019 14:52,

У адзін з лістападаўскіх дзён выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы сабраліся ў падарожжа ў Горад здароўя, але раптам з’явіліся піраты Томі і Пэпі з картай у руках. Яны даведаліся, што дзесьці тут закапаны скарб, і вырашылі яго знайсці. 

Пасля таго, як піраты знайшлі куфар, дзе схаваліся здароўе, зарадка, спрыт, сіла і вітаміны, піраты паспрабавалі яго адкрыць. Але ў іх нічога не атрымалася, бо для гэтага трэба выканаць заданні, за якія яны будуць атрымліваць па адным ключы. Як толькі ўсе ключы будуць сабраны, дзецi разам з піратамі даведаюцца, што за скарбы знаходзяцца ў куфры. 

Томі і Пэпі разам з дзецьмі выконвалі практыкаванні пад назвай “Зарядка” і атрымалі першы ключ. Уменні выхаванцаў хутка бегаць у эстафеце “Бег у шортах” дапамаглі атрымаць другі ключ — спрыт. Сілу дзеці праявілі ў эстафеце “З мячамі” і зарабілі трэці ключ. У гульні “Даведайся па смаку” неабходна было з завязанымі вачыма вызначыць на смак гародніну і садавіну і атрымаць чацвёрты ключ. 

Пакуль выхаванцы старшых груп адпачывалі, дзеці сярэдніх груп разам з Томі і Пэпі гулялі ў гульню “Курачка-Чубатка”. Каб атрымаць наступны ключ, неабходна паспаборнічаць у эстафеце “Самакаты”. Чарговы ключ атрыманы. Для таго, каб быць здаровым, нам патрэбны цыбуля і часнык (эстафета “Цыбулька ў лыжцы”). Уважлівасць і спрыт у эстафеце “Данясi лісток паперы” дапамаглі дзецям атрымаць апошні ключ.

 Падарожжа ў Горад здароўя падышло да канца, ключы сабраны, пара даведацца, што схавана ў куфры.

Піраты адкрываюць куфар, а там — скарбы, але не сапраўдныя, а вітамінныя — яблыкі, якія дапамагаюць нам быць здаровымі і моцнымі.

Аксана ЛАМАШКЕВІЧ,
кіраўнік фізічнага выхавання дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.