×

Скары свой Алімп

20.08.2019 10:54,

З 27 ліпеня па 6 жніўня у сярэдняй школе № 3 Ашмян працаваў спартыўна-аздараўленчы лагер “КРАІНА АЛІМПіЯ”. За гэты час у ім аздаравіліся і адпачылі 20 спартсменаў-вучняў.

Два атрады з задавальненнем акунуліся ў атмасферу яркіх мерапрыемстваў, займальных экскурсій і вясёлых конкурсаў. Зрабіць адпачынак хлопчыкаў і дзяўчынак незабыўным стараліся дырэктар лагера Лілія Багдановіч, адміністрацыя школы і творчыя педагогі.

За час работы спартыўна-аздараўленчага лагера вучні пазнаёміліся з правіламі тэхнікі бяспекі, прайшлі школу здаровага ладу жыцця, павысілі сваё спартыўнае майстэрства, палепшылі фізічную падрыхтоўку. І няхай у лагеры няма сучасных спартыўных трэнажораў, спецыяльнага спартыўнага абсталявання, але сваю задачу ён выканаў, бо ў спорце самым галоўным сродкам выхавання і навучання заўсёды з’яўлялася і будзе з’яўляцца фізічнае практыкаванне. І толькі трэнер ведае, што, калі правільна скарыстацца гэтым інструментам, можна дасягнуць высокіх вынікаў у любым відзе спорту.

Вялікая ўвага ўдзялялася не толькі прапагандзе культуры і здаровага ладу жыцця, але і вывучэнню правілаў дарожнага руху, пажарнай бяспекі. Праводзіліся гутаркі, накіраваныя на псіхалагічную падтрымку дзіцяці, гульні на згуртаванне і праяўленне яркіх індывідуальных якасцей.

Кожны дзень дзецям прапаноўваліся мерапрыемствы, якія развівалі іх розум, пашыралі кругагляд, вучылі спасцігаць таямніцы. У нашым лагеры выкарыстоўваліся інавацыйныя падыходы да арганізацыі і правядзення гульняў з мэтай выклікаць цікавасць дзяцей да падобнай дзейнасці.

Асаблівай папулярнасцю ў выхаванцаў карыстаўся квест. Квест, або прыгодніцкая гульня, уяўляе сабой інтэрактыўную гісторыю з галоўным героем, якім кіруе гулец. Найважнейшым элементам гульні з’яўляецца вывучэнне свету, а ключавым фактарам поспеху — рашэнне галаваломак і задач.

За даволі кароткую змену хлопцы і дзяўчаты паспелі наведаць кінатэатр імя Гастэлы, дзіцячую раённую бібліятэку, а таксама конна-спартыўны цэнтр “Гіпіка”. Мабыць, самыя яркія ўражанні пакінула экскурсія у спартыўны клуб “Сталевы горад”. З дзецьмі правялі заняткі ў трэнажорнай зале, расказалі аб правільным і здаровым харчаванні.

Для таго каб дзеці маглі з лёгкасцю дзяліцца фотаздымкамі і ўражаннямі ад лагера, была створана старонка ў Instagram — stranaolimoiia. Падчас работы “КРАІНЫ АЛІМПіІ” яна стала даволі папулярнай: на нас падпісаліся не толькі выхаванцы лагера, але і іх бацькі, і іншыя жыхары Ашмянаў. Нават пасля заканчэння змены старонка жыве: штодня там публікуюцца цікавыя артыкулы пра спорт.

Кацярына ТАЛОЧКА,
старшы выхавальнік спартыўна-аздараўленчага лагера “КРАІНА АЛІМПіЯ” сярэдняй школы № 3 Ашмян.