×

Складуць сямейны радавод

01.11.2019 16:02,

У 7 класе нашай школы цікава прайшла выхаваўчая гадзіна на тэму “Летапіс маёй сям’і”, падчас якой вучні пазнаёміліся з навукай генеалогіяй.

У перакладзе з грэчаскай мовы генеалогія азначае “радавод”, навука, якая займаецца пошукам продкаў людзей. На слайдзе прэзентацыі з’явіўся надпіс — “Генеалогія — радавод”.

Чалавек заўсёды паважаў сваіх продкаў. Паходжанне вызначала становішча ў грамадстве. У старажытных рымлян у хаце абавязкова былі скульптурныя партрэты продкаў — лары, да якіх яны  прыносілі падарункі. Радавод выпісваўся на асобных скрутках, якія перадаваліся наступным пакаленням. Так было і ў іншых народаў.

Затым размова пайшла аб вучнях і іх сем’ях. Дзеці расказвалі гісторыі аб сваіх сем’ях, аб паходжанні свайго прозвішча. Вучні прынеслі з дому фотаздымкі з цікавымі хвілінамі з жыцця сваёй сям’і. Самыя цікавыя гісторыі расказалі вучаніцы Яна Баравік і Ульяна Сазановіч. Аднакласнікі слухалі іх з цікавасцю, а затым задавалі пытанні, на якія Яна і Ульяна адказвалі з задавальненнем. Дзяўчаты паказалі, што ведаюць не толькі сваіх бабуль і дзядоў, але і прадзедаў, ведаюць іх імёны, чым яны займаліся, калі жылі.

На заканчэнне дзеці атрымалі заданне скласці сваё генеалагічнае дрэва, да чаго адразу і прыступілі. Паколькі работа аб’ёмная, дамовіліся, што вынікі прадэманструюць на наступнай класнай гадзіне.

Уладзімір ЗЮЗЬКОЎ,
класны кіраўнік 7 класа Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.