×

Слухалі музыку

08.10.2019 15:04,

Калі я запыталася ў сваіх выхаванцаў, ці ведаюць яны, якое свята адзначаецца 1 кастрычніка, тыя з упэўненасцю адказалі: Дзень пажылых людзей. А вось пра другое свята яны пакуль нічога не ведалі. Так супала, што 1 кастрычніка адзначаецца яшчэ і Міжнародны дзень музыкі.

У 1975 годзе па рашэнні ЮНЕСКА быў заснаваны Міжнародны дзень музыкі, які адзначаецца 1 кастрычніка. Адным з заснавальнікаў гэтага дня быў Дзмітрый Шастаковіч.ю вялікі кампазітар XX стагоддзя.

Удзел у святкаванні Міжнароднага дня музыкі прынялі і выхаванцы групы прадоўжанага дня № 4 сярэдняй школы № 7 Смаргоні. З 30 верасня да 4 кастрычніка ў групе прайшоў тэматычны тыдзень пад назвай “Міжнародны дзень музыкі”. На працягу гэтага часу дзеці на выхаваўчых мерапрыемствах пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята, даведаліся шмат новага пра музычныя інструменты, адгадаўшы пра іх загадкі.

Другакласнікі даведаліся аб сваім таленавітым земляку М.К.Агінскім — аўтары вядомага паланэза “Развітанне з Радзімай” і праслухалі гэты твор.

Сваю творчасць дзеці праявілі падчас вырабу з паперы ў стылі “арыгамі” фартэпіяна. А больш за ўсё маім вучням спадабалася гульня “Пантаміма”, падчас якой яны павінны былі без слоў, з дапамогай жэстаў адлюстраваць, як гуляюць на пэўным музычным інструменце. Прычым адлюстраваць гэта так, каб астатнія ўдзельнікі гульні змаглі беспамылкова назваць інструмент. Гульня выклікала ў дзяцей мноства станоўчых эмоцый!


Наталля ЮРЫНА,
выхавальніца групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 7 Смаргоні.