×

Смайлік на экране дасягненняў

11.07.2019 12:06,

Для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця летні перыяд — не толькі шанс правесці час з задавальненнем, але і актыўная пара сацыялізацыі. Адна з галоўных мэт дзіцячага аздараўленчага лагера “Дружба” на базе цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г.п. В.Бераставіца — стварэнне асаблівай выхаваўчай прасторы з уключэннем дзяцей у сацыяльнае і эмацыянальнае ўзаемадзеянне з наваколлем, аздараўленча-ўмацавальныя працэсы і творча-развіццёвую жыццядзейнасць.

Адпачынак арганізоўваўся па наступных напрамках: спартыўна-аздараўленчы, патрыятычны, экалагічны, творчы. Дзеці з задавальненнем бралі ўдзел у шматлікіх спартыўных мерапрыемствах, гулялі на свежым паветры, спаборнічалі, рабілі свае маленькія рэкорды, вывучалі правілы дарожнага руху і бяспекі, удзельнічалі ў конкурсах малюнкаў. Кожная запланаваная справа стварала ўмовы для развіцця, максімальнай самарэалізацыі.

Напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў дзеці ўдзельнічалі ў забаўляльна-гульнявой праграме “Будзь здаровы”, якую праводзілі педагогі дадатковай адукацыі Бераставіцкага ЦТДМ. Пазнаёміліся з рознымі відамі спорту, якія ўваходзілі ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Безліч уражанняў падарылі мерапрыемствы “Гэтыя правілы дарожнага руху”, “Усё пра бяспеку”, гутаркі на тэму бяспечных паводзін на прыродзе, на возеры. “У краіне здаравячкоў”, “Здорава быць здаровым”, “Моцныя, спрытныя, умелыя”, штодзённыя рухомыя гульні на свежым паветры аздараўлялі. Падбадзёрвалі хвілінкі здароўя “Чыстыя рукі”, “Вітаміны — мае сябры”, “Здаровая ўсмешка”, “Правільнае харчаванне”.

Ярка праявілі сябе хлопцы і дзяўчынкі ў творчасці. Малюючы, засвойвалі цэлы шэраг кірункаў выяўленчай дзейнасці, умацоўвалі зрокавую памяць, вучыліся заўважаць і адрозніваць колер і формы навакольнага свету. Гэтаму спрыялі такія мерапрыемствы, як “Кветкі сваімі рукамі”, “Вельмі ўмелыя ручкі” і інш. У канцы дня кожнае дзіця адзначала сваё стаўленне да праведзеных справаў у выглядзе смайлікаў на “Экране дасягненняў”.

Яркія ўражанні засталіся пасля экскурсій у музей Вавёркі, у Дом рамёстваў, у Бераставіцкую раённую бібліятэку імя В.М.Кавалеўскага. Дзеці яшчэ больш даведаліся пра гісторыю нашага пасёлка, пра яго традыцыі і вядомых асоб роднага краю. Падтрыманню маральнасці і патрыятызму паслужылі такія мерапрыемствы, як “Ведай гісторыю сваёй радзімы”, “Дзіўная планета Зямля”, якія дэманстравалі багацце роднага краю. Вельмі важным стаў Дзень памяці, прысвечаны 75-годдзю вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мэтай якога было развіццё цікавасці да гістарычнага мінулага нашай краіны, выхаванне пачуцця падзякі да загінулых у гады вайны і ветэранаў, якія жывуць з намі побач.

Спадзяёмся, што дні, праведзеныя ў летнім лагеры, запомняцца надоўга і застануцца напоўненымі незабыўнымі ўражаннямі, карыснымі справамі і прыемнымі ўспамінамі.

І.Т.КУРМЕЛЬ,
дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера Дружба” Бераставіцкага раёна.