×

Смаргонская талака

15.03.2019 16:22,

Кожны грамадзянін, у тым ліку і маленькі, павінен ведаць родную мову, культурную спадчыну свайго народа, бо гэта карані, вытокі.

Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі сабраў навучэнцаў малодшых і сярэдніх класаў школ горада і раёна на  “Смаргонскую талаку”.

Звярнуліся да розных відаў фальклору: казкі, песні, прыказкі, прымаўкі. Аздобілі рэпертуар юных выканаўцаў урыўкамі з фальклорных абрадаў “Пакроўскі кірмаш”, “Масленіца”, “Каляды”.

Удзельнікі талакі, вучні школ горада і раёна з задавальненнем выконвалі песні і вершы, пра якія даведаліся ад бабуль. А пра гульні дзеці казалі так: “Мне спадабаліся народныя гульні, бо яны вясёлыя”, “Я са сваімі сябрамі цяпер таксама буду гуляць у “Зайцаў і мядзведзя”, “Збяры бульбу”.

Фальклор — частка нашай нацыянальнай самасвядомасці, гэта нашы традыцыі, культура — так мяркуюць арганізатары “Смаргонскай талакі”, педагогі Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Ірына КАЗОЙЦЬ,
культарганізатар Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.