×

Стаць найлепшым байцом

08.10.2019 15:19,

Іерэй Аляксей Варона арганізаваў для навучэнцаў кадэцкіх класаў сярэдняй школы № 7 Навагрудка цікавую і захапляльную паездку ў в/ч 3214, размешчаную ў Мінску, і навучальны цэнтр “Валоўшчына”, дзе яны сталі сведкамі кваліфікацыйных выпрабаванняў для вайскоўцаў на права нашэння крапавага берэта.

Крапавы берэт сярод байцоў спецназа — сімвал мужнасці, а атрымаць яго лічыцца задачай цяжкавыканальнай. Байцы некалькі гадоў рыхтуюцца да гэтага адказнага выпрабавання, таму што набор перашкод на шляху да запаветнай мэты ўражвае нават чалавека бывалага: неабходна паказаць сур’ёзныя вынікі ў фізпадрыхтоўцы, прайсці паласу перашкод, марш-кідок і вогненна-штурмавую паласу, а ў фінале прадэманстраваць майстэрства стральбы з трох відаў зброі і вытрымаць спарынг.

У Беларусі першыя выпрабаванні на права нашэння крапавага берэта прайшлі ў маі 1993 года. З гэтай ідэяй выступілі афіцэры батальёна спецыяльнага прызначэння (вайсковая часць 3214), тыя, хто праходзіў такія выпрабаванні ў Расіі. Тады першымі ўладальнікамі крапавага берэта ў Беларусі сталі 20 чалавек. На сёння выпрабаванні прайшлі каля 600 вайскоўцаў. Кадэты змаглі ўбачыць, як байцы праходзілі паласу перашкод, трапна стралялі з кулямёта, аўтамата і пісталета. Асабліва ўразіў апошні этап — рукапашны бой з чатырма сапернікамі па 3 хвіліны на кожнага.

Для кадэтаў была праведзена экскурсія па вайсковай часці 3214, навучэнцы азнаёміліся з гісторыяй часці, яе баявым шляхам, наведалі музей часці, жылыя памяшканні, азнаёміліся са зброяй, адмысловай падрыхтоўкай, баявой тэхнікай, паабедалі ў салдацкай сталовай. Экскурсія выклікала ў кадэтаў жаданне служыць менавіта ў гэтым элітным падраздзяленні.

Вольга КУР’ЯН,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 7 Навагрудка.