×

Стрыткросінг: зносіны без межаў

04.11.2019 11:53,

У Малабераставіцкай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна рэалізоўваецца праект валанцёрскага руху “Стрыткросінг: зносіны без межаў”. Мэта — уключэнне школьнікаў у актыўную дзейнасць па падтрымцы пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Наш валанцёрскі атрад “Добрае сэрца” лічыць, што адна з задач школы і грамадства — навучыць людзей быць міласэрнымі, умець спачуваць і шанаваць такія чалавечыя якасці, як дабрыня, сяброўства, чалавечнасць, узаемадапамога і падтрымка. Кожны павінен умець размаўляць з людзьмі, якія маюць асаблівасці ў развіцці, са сваімі бабулямі і дзядулямі.

У рамках праекта жыхары мікрараёна Малая Бераставіца, інваліды і асобы з асаблівасцямі ў развіцці прынялі і змогуць прыняць у далейшым удзел у такіх мерапрыемствах, як працоўныя дэсанты “Чысты двор”, “Восеньскі лістапад”, “Асцярожна, лядзяш!”, “Сняжок”, спартхадзе “Ну і што, што 60…” — сумеснай скандынаўскай хадзе, спартпрабегу для інвалідаў-калясачнікаў “Мы не такія як усе, мы — асаблівыя!”.

Вясной мы запланавалі міні-праект “Падары ўсмешку” — вулічныя віншаванні і віншаванні дома да 23 лютага і 8 сакавіка, вулічныя вячоркі “Крок насустрач”, акцыю “Галінка вярбы” — асвятленне ў храмах і разнос святочных вербаў па хатах, народную забаву “На вуліцы” (усе ўдзельнікі праекта б’юцца велікоднымі яйкамі).

Карыснымі сталі інфармдайджэст “Ваша пытанне — наш адказ” (члены валанцёрскага атрада са скрыняй для лістоў наведваюць дома адзінокіх, састарэлых, інвалідаў з мэтай збору інфармацыі аб актуальных для іх жыцця пытаннях, а потым перадаюць у Малабераставіцкі сельсавет), акцыя “Ланцужок пажаданняў” (людзі перадаюць адзін аднаму пажаданні ў вуснай форме праз членаў валанцёрскага атрада).

Рэалізацыя гэтага праекта яднае калектыў Малабераставіцкай сярэдняй школы з людзьмі, якія патрабуюць асаблівай увагі і клопату. “Стрыткросінг” дазваляе праз вулічныя зносіны альбо зносіны “ўнутры двара” даведацца пра найбольш важныя пытанні, якія хвалююць нашых пенсіянераў і адзінокіх людзей.

Надзея КУЛІКОЎСКАЯ,
дырэктар Малабераставіцкай сярэдняй школы, аўтар праекта “Стрыткросінг: зносіны без межаў”.