×

Студэнцкія білеты ўручыла рэктар

05.09.2019 14:20,

Першакурснікам, якія паказалі лепшыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні і ўступных іспытах, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка напярэдадні новага навучальнага года ўручыла студэнцкія білеты.

На ўрачыстае мерапрыемства запрасілі прадстаўнікоў усіх факультэтаў і чатырох каледжаў універсітэта, прарэктараў, дэканаў факультэтаў, прадстаўнікоў маладзёжных арганізацый і бацькоў учарашніх абітурыентаў, а сёння — ужо студэнтаў. І хоць паведамленне аб залічэнні ў лік студэнтаў абітурыенты атрымалі даўно, ва ўніверсітэце лічаць, што сапраўднымі студэнтамі яны становяцца толькі пасля прыняцця ўрачыстай клятвы “купалаўца” з гонарам несці гэтае ганаровае званне, не шкадаваць сіл і часу на спасціжэнне ўсіх навук, быць годнымі пераемнікамі традыцый беларускага студэнцтва, ва ўсім выступаць узорам сумленнасці, высакароднасці, працавітасці і дысцыпліны, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім, навуковым і культурным жыцці роднай альма-матар, атрыманыя веды накіроўваць на ўмацаванне магутнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь і быць годнымі грамадзянамі нашай краіны.

Аб тым, што для рэалізацыі гэтых намаганняў ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы, расказала першакурснікам І.Ф.Кітурка. Універсітэт тваіх магчымасцей — гэта сама­рэалізацыя ў навуцы і вучобе, творчасці, грамадскіх справах, спорце. Даведаліся прысутныя і аб рэалізацыі канцэпцыі “Лічбавы ўніверсітэт” і “Універсітэт 3D”. Усе звест­кі аб дасягненнях заносяцца ў “Асабісты кабінет студэнта”. Першы запіс у ім — гэта выпіска з загаду аб залічэнні ў лік студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы. За гады вучобы асабісты кабінет стане сваеасаблівым партфоліа дасягненняў, які можа стаць арыенцірам для работадаўцы.

— Вы паступілі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў знакавы для яго гісторыі год, — звярнулася да першакурснікаў Ірына Фёдараўна. — У лютым 2020 года мы будзем адзначаць 80-годдзе сваёй альма-матар. Мы спадзяёмся, што вы ўнесяце ў гэтую гісторыю свой значны ўклад. А сёння мы з хваляваннем чакаем, якімі вы станеце студэнтамі.

Даведаліся  першакурснікі і аб тым, што многім з іх давядзецца жыць у новым інтэрнаце на 1030 месцаў, будаўніцтва якога ўжо вядзецца, а завершыцца ў снежні будучага года.

Па ўніверсітэцкай традыцыі першакурснікі атрымалі сімвалічны ключ ведаў і сімвалічны студэнцкі білет. Першакурснікам Дзмітрыю Апону з факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму і Вераніцы Сакомскай з факультэта матэматыкі і інфарматыкі іх уручылі студэнт 3 курса інжынерна-будаўнічага факультэта актывіст будатрадаўскага руху Арцём Болтуць і студэнтка 2 курса педагагічнага факультэта, пераможца рэспубліканскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна Рэспублікі Беларусь”, прызёр міжнароднага конкурсу “Каралева студэнцтва” Таццяна Шчэрбач.

Дзень ведаў “купалаўцы” адзначылі на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга. Права вынесці сцяг універсітэта атрымалі лепшыя студэнты, магістранты і аспіранты. А ўсяго ў гэты дзень на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга прысутнічала сімвалічная колькасць студэнтаў — 891 чалавек. Менавіта столькі гадоў спаўняецца ў гэтым годзе Гродну.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.