×

Стымул для пазнавальнай актыўнасці

08.06.2019 14:30,

Для паглыблення навучэнцаў у развіццёвае асяроддзе настаўніку трэба памятаць пра неабходнасць сістэматычнага выкарыстання эфектыўных метадаў мэтанакіраванага стымулявання пазнавальнай і творчай актыўнасці навучэнцаў, інтэлектуалізацыі іх псіхічных працэсаў, актывізацыі разважанняў і розных разумовых аперацый. Эпізадычнае выкарыстанне творчых заданняў не прывядзе да жаданага выніку. Каб забяспечыць пераход ад рэпрадуктыўных дзеянняў да творчых, неабходна сістэматычная работа.

Структурныя элементы базавай мадэлі ўрока дазваляюць эфектыўна вырашаць задачы развіцця інтэлектуальна-творчых уменняў школьнікаў па розных вучэбных прадметах.

  • Першы этап. Размінка (10—15 пытанняў).

Пераважаюць рэпрадуктыўныя задачы, пры гэтым доля рэпрадукцыі паспяхова зніжаецца за кошт абмежавання часу на адказ, прымянення “падманных” заданняў, чаргавання пытанняў з розных галін ведаў, што дапамагае развіццю ў дзяцей здольнасці хутка пераключаць увагу з адной дзейнасці на іншую.

  • Другі этап. Развіццё псіхічных механізмаў (памяці, увагі, уяўлення, назіральнасці, па 2—3 заданні).

Фарміраванне і ўдасканаленне псіхічных механізмаў ажыццяўляецца з дапамогай спецыяльна распрацаваных рэпрадуктыўных і лагічна-пошукавых задач, уводу рацыя­нальных прыёмаў (у тым ліку алгарытмаў), арыентаваных на арганізацыю кіруемай (а не шляхам спроб і памылак) дзейнасці навучэнцаў.

  • Трэці этап. Рашэнне часткова-пошукавых задач рознага ўзроўню (2—3 задачы).
  • Чацвёрты этап. Рашэнне творчых задач (2—3 задачы).

Творчыя заданні можна раздзяліць на два тыпы. Першы — гэта ўласна творчыя заданні, якія звязаны з той ці іншай вучэбнай дысцыплінай. Яны патрабуюць большай ці поўнай самастойнасці і разлічаны на пошукавую дзей­насць, неардынарны, нетрадыцыйны падыход і творчае прымяненне ведаў. Другі — гэта задачы павышанай цяжкасці інтэграцыйнага характару, арыентаваныя на прымяненне ведаў з розных школьных дысцыплін адначасова, гэта значыць на інтэграцыю ведаў і спосабаў дзейнасці ў цэлым.

Такія заданні дазваляюць кожнаму дзіцяці развівацца ў аптымальным для яго тэмпе, адчуваць радасць ад навучання. Увесь комплекс заданняў забяспечвае індывідуалізацыю і дыферэнцыяцыю адукацыйнага працэсу, стварэнне сітуацыі поспеху, рэфлексіўна-дзейнасны падыход у навучанні. Пры гэтым адсутнічае неабходнасць уключэння ўсіх прапанаваных заданняў у кожны ўрок, што дазваляе настаўніку выбі­раць
інструменты з улікам канкрэтнай адукацыйнай сітуацыі.

У якасці прыкладу выкарыстання названых этапаў прывяду план урока ў 2 класе на тэму “Глеба” (абагульняючы ўрок)”.

Структура ўрока на тэму “Глеба” (абагульняючы ўрок)”, 2 клас

  1. Інтэлектуальная размінка:

1) Што такое глеба? (Калі ўзнікаюць цяжкасці, можна прапанаваць выбраць варыянт адказу:

а) зямля;

б) верхні пласт зямлі;

в) верхні ўрадлівы пласт зямлі…).

2) Назавіце асноўную ўласцівасць глебы.

Растлумачце значэнне слова “ўрадлівасць”.

3) Як можна дапоўніць фразу “Глеба — гэта верхні ўрадлівы пласт зямлі…”? (…на якім растуць расліны.)

4) Што ўваходзіць у склад глебы? (Пясок, гліна, паветра, вада, перагной.)

5) Ад чаго залежыць урадлівасць глебы? (Ад перагною.)

6) За колькі гадоў утвараецца ў прыродзе 1 см урадлівай глебы? (за 200—300 гадоў.)

7) Чаму перагной назапашваецца ў верхнім пласце зямлі? (Таму што там жывуць бактэрыі, якія спрыяюць разбурэнню арганічных рэчываў.)

8) Якія жывыя арганізмы жывуць у глебе?

9) Чым карысны дажджавыя чарвякі?

10) На якім мацерыку няма глебавага пласта? (Антарктыда.)

  1. Заданні на развіццё назіральнасці:

Што даказваюць гэтыя доследы?

Дослед № 1

Настаўнік. Вазьміце шклянку з вадой і кіньце туды камячок глебы. Што вы ўбачылі?

Дзеці. З глебы выходзяць пузыркі паветра.

Настаўнік. Якую выснову можна зрабіць?

Дзеці. У глебе ёсць паветра.

Дослед № 2

Настаўнік. Паглядзіце на лабараторны столік. Я награваю крыху глебы. Над глебай стаўлю шкло. Шкло стала вільготным. Што даказвае гэты дослед?

Дзеці. У глебе ёсць вада.

Дослед № 3

Настаўнік. Будзем працягваць награваць глебу. Што вы бачыце і адчуваеце?

Дзеці. Над глебай з’явіўся дым. Па класе распаўсюджваецца непрыемны пах.

Настаўнік. Гэта згарае перагной, які ўтварыўся з рэшткаў раслін і жывёл. Менавіта перагной надае глебе цёмны колер. Якую выснову мы з вамі павінны зрабіць?

Дзеці. У глебе ёсць дробныя карэньчыкі, сцяблінкі, рэшткі лістоў, рэшткі насякомых, чарвякоў, з гэтага атрымліваецца перагной.

  1. Заданне на развіццё ўвагі:

ЗНАЙДЗІ 10 АДРОЗНЕННЯЎ

 

  1. Заданні на развіццё памяці:

Паглядзіце на слайд, пастарайцеся запомніць інфармацыю:

 

(Пасля прагляду кожнага слайда — спытацца ў дзяцей: якія факты ім запомніліся? Што здзівіла? У дапамогу можна выкарыстоўваць метад няскончаных сказаў.)

  1. Заданне на развіццё ўяўлення:

Паслухайце казку:

Дзесьці на зямным шары жыла-была глеба. І глеба гэтая была такой чорнай-чорнай, якой бывае толькі ноч, калі на небе не відаць ні месяца, ні зорак. І звалі гэтую глебу “Чарназём”. Яна была такой прыгожай, пухкай, мяккай і самае галоўнае — гасціннай. У яе заўсёды былі госці. Скажыце, хто б гэта мог быць? (Краты, дажджавыя чарвякі, насякомыя, расліны і г.д.)

І людзям падабалася гэтая глеба. Яны то ўзворвалі на ёй палі, то капалі на ёй равы, то будавалі дамы, а пасля — забруджвалі рознымі бытавымі адходамі. А тут яшчэ ўзнімаўся моцны вецер і зносіў пласт глебы. Потым былі моцныя ліўні і змывалі пласт глебы…

Ці змянілася глеба? Што стала з раслінамі, жывёламі? Намалюйце ілюстрацыю да казкі. (Можна выкарыстоўваць прыём слоўнага малявання.)

  1. Часткова-пошукавыя задачы:

1) Як фарміруецца глеба? Запоўні пропускі, выкарыстаўшы словы для даведак.

Пад дзеяннем сонечных (чаго?)………, вады, ……. горныя пароды скалы, камяні бесперапынна разбураюцца, і ўтвараецца рыхлы пласт. У ім амаль няма пажыўных рэчываў, неабходных (чаму?)……………… . І ўсё ж непатрабавальныя расліны (лішайнікі, ………..) пасяляюцца тут. З іх рэшткаў пад уздзеяннем жыхароў глебы ўтвараецца (што?) ………. . Паступова пасяляюцца іншыя віды раслін і (каго?)………… . Яны даюць яшчэ больш (чаго?)………….. .

Так, вельмі, вельмі павольна горныя пароды пад уздзе­яннем жывых арганізмаў ператвараюцца ва ўрадлівую ………… .

Словы для даведак: ветру, прамянёў, імхі, раслінам, жывёл, перагной, глебу, перагною.

2) Якія жывыя арганізмы жывуць у глебе? Неабходнае падкрэсліце.

Насякомыя, птушкі, рыбы, краты, лічынкі насякомых, чарапахі, мышы, дажджавыя чарвякі, мурашкі, вожык, тыгр, мікробы, жаба, клоп-вадамер.

3) Як яны ўплываюць на ўрадлівасць глебы? Неабходнае падкрэсліце.

Капаюць хады, забруджваюць, перамешваюць глебу, робяць больш цвёрдай глебу, раздрабняюць рэшткі раслін і жывёл, рыхляць глебу, знішчаюць глебу, утвараюць перагной.

4) Што расліны атрымліваюць з глебы? Закрэсліце лішняе.

Цукар, лісты, вада, пясок, кісларод паветра, карысныя выкапні, сонца, перагной, кветкі, пажыўныя рэчывы (солі), гліна, вецер, солі, раствораныя ў вадзе, камяні.

  1. Творчыя заданні:

1) прыдумай назву да карцінкі:

2) Складзі план апавядання пра глебу.

3) Прыдумай працяг казкі пра глебу, дзе людзі навучыліся ахоўваць яе.

Аксана ГУЛЕЦКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 12 Гродна.