×

Сустрэча, што рыхтуецца сэрцам

08.10.2019 15:14,

Гэту сустрэчу калектыў дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лясная паляна” штогод чакае з адказнасцю і хваляваннем, а вітае з радасцю і павагай. Першага кастрычніка, калі ва ўсім свеце адзначаюць Дзень пажылых людзей, ганаровымі гасцямі здраўніцы становяцца ветэраны працы арганізацыі. 

За прыгожымі імгненнямі свята стаіць карпатлівая падрыхтоўка: штрышок за штрышком вымалёўваецца сцэнарый святочнага канцэрта, прыдзірліва ўзважваецца і адточваецца кожны нумар, кожнае слоўца, кожны рух, каб канцэрт прайшоў на адным дыханні і не быў падобны на мінулагодні. Задоўга падбіраюцца ідэі аздаблення выставы з гародніны і садавіны, разглядаюцца і абмяркоўваюцца варыянты прыгожых вырабаў з асенніх дароў. У творчых пошуках майстры-кулінары рыхтуюць салодкі стол, выштукоўваючы смакавы і эстэтычны сімбіёз. Руплівымі рукамі наводзіцца парадак на і без таго бездакорна прыгожай і чыстай тэрыторыі здраўніцы. Словам, да гэтай сустрэчы рыхтуюцца з павагай, асаблівым пачуццём адказнасці, хвалявання, сустрэчу рыхтуюць сэрцам.

— Вы нашыя галоўныя эксперты і суддзі, таму што кожны з вас аддаў часцінку сваёй душы на карысць цэнтра. Да гэтага часу мы ўспамінаем, як вы добрасумленна працавалі, і ставім вас у прыклад, — адзначыў у сваім прывітальным слове на пачатку святочнай праграмы Анатолій Уладзіміравіч Хомбак, дырэктар КУП ДРАЦ “Лясная паляна”. Анатолій Уладзіміравіч расказаў гасцям, чым жыве цэнтр зараз, якія змены адбыліся за год, падзякаваў ветэранам за добрасумленную працу, павіншаваў іх з выдатным асеннім святам і пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і добрага настрою.

Дзякуй вам, што вы ёсць, мудрыя, добрыя, паважаныя людзі!


Святлана ІЗАФАТАВА,
выхавальніца КУП ДРАЦ “Лясная паляна” Смаргонскага раёна.