×

Сустрэча з фотамастаком

22.11.2019 14:48,

У Доме В. Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея адкрылася фотавыстаўка “Жыццё ў кадры”, прысвечаная фотамастаку Яўгену Сяргеевічу Пятакіну, былому супрацоўніку “Лідскай газеты”. Выстаўку наведалі вучні 7 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды, якія акунуліся ў сапраўдны мір фотамастацтва. 

Увагу дзяцей прыцягнулі не толькі фотаздымкі мінулых гадоў, але і імправізаваная фоталабараторыя, дзе прадстаўлены сапраўдныя рэчы, з дапамогай якіх у мінулым фотамастакі маглі вырабляць фотаздымкі. Сёння, канешне, зрабіць фатаграфію значна лягчэй, і маладыя людзі ў большасці нават не задаюцца пытаннем: а як гэта было раней?

Сапраўдным падарункам для школьнікаў стала сустрэча пад назвай “Аўтар за кадрам” з лідскім фотамастаком і паэтам Уладзімірам Сяргеевічам Янцэвічам. 

Лідскі фотамастак у выставачным пакоі арганізаваў для юных наведвальнікаў музея прагляд слайдаў на тэму малой радзімы. Вучні змаглі дазнацца пра гісторыю ўзнікнення фотаздымкаў, якія былі зроблены на тэрыторыі Ліды і за яе межамі. Пад ціхую лірычную мелодыю і чытанне ўласных вершаў аўтара вучні акунуліся ў свет прыроды і здзейснілі падарожжа па ўсіх порах года, якія і былі прадстаўлены на слайдах фотамастака. Усё гэта нагадала дзецям казку “Дванаццаць месяцаў”: снежныя гурбы, іскрысты іней, хуткі ручай, пралескі, прыгожыя птушкі і кветкі, рознакаляровае лісце дрэў… 

З задавальненнем Уладзімір Сяргеевіч адказаў на пытаннні вучняў. Таксама ўсе дазналіся і аб тым, што госць сустрэчы — аўтар фотапаштовак і фотакарцін, вядомых шматлікім лідчанам.

Хочацца падзякаваць Уладзіміру Сяргеевічу Янцэвічу і куратару мерапрыемства Алесю Часлававічу Хітруну за цікавую і пазнавальную сустрэчу пад назвай “Аўтар за кадрам”. Гэтыя кадры мы, вучні сярэдняй школы № 11, раім убачыць усім жыхарам і гасцям нашага горада. 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
настаўніца сярэдняй школы № 11 Ліды.