×

Сустрэча з пісьменніцай

25.11.2019 14:47,

На паліцах бібліятэкі нашай школы шмат кніг сучасных беларускіх аўтараў. Асаблівае месца сярод іх будзе цяпер адведзена творам Кацярыны Хадасевіч-Лісавой — таленавітай пісьменніцы-казачніцы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. 

Яна часта бывае ў гасцях у школьнікаў. На мінулым тыдні Кацярына Станіславаўна завітала да нас і правяла сустрэчу з вучнямі Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы. Яна пазнаёміла дзетак з чароўным светам сваіх твораў.

Пісьменніца шмат піша для дзяцей і гэтым разам прэзентавала сваю кнігу-перакрутку “Вухуцік. Васільвася”. Гэта было надзвычай захапляльна, бо пісьменніца прыйшла на сустрэчу з галоўным героем казкі — Вухуцікам.

Як дасведчаны педагог пачатковых класаў, Кацярына Станіславаўна захапіла аўдыторыю з першых хвілін сустрэчы. Прэзентацыя атрымалася ў форме гульні, а сама пісьменніца паўстала перад вучнямі ў вобразе феі-казачніцы.

Інтэрактыўная прэзентацыя кнігі дазволіла дзецям паглыбіцца ў сюжэт і адчуць сябе побач з героямі ў час іх неверагодных прыгод. Вучні засталіся ў захапленні! Доўга маленькія чытачы не адпускалі пісьменніцу, задавалі пытанні, бралі аўтографы, фатаграфаваліся на памяць і набывалі кнігі.

Трэба сказаць, што такая сустрэча адбылася ў нашай школе не ўпершыню. Вучні ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з дзіцячымі пісьменнікамі Валерыем Квілорыя, Надзеяй Ясмінска.

Такія мерапрыемствы не могуць прайсці дарэмна. Гэта заўсёды новыя веды і новыя ўражанні. І, хто ведае, можа, намагані дарослых не прападуць марна, можа, і з нашай школы выйдуць не толькі добрыя, адукаваныя асобы, адданыя патрыёты сваёй Радзімы, але і знакамітыя пісьменнікі.

Марыя ЖЫДЗЕЛЬ,
настаўніца пачатковых класаў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.