×

Святкуем Масленіцу разам

13.03.2019 15:28,

У суботу, 9 сакавіка, навучэнцы Верцялішкаўскай сярэдняй школы разам з настаўнікамі і бацькамі святкавалі Масленіцу. Старшакласнікі і музычны кіраўнік школы падрыхтавалі займальную забаўляльна-пазнавальную праграму. Дзеці даведаліся, што Масленіца доўжылася 7 дзён, кожны з якіх быў напоўнены чымсьці цікавым: гульнямі, спаборніцтвамі, сустрэчай са сваякамі і сябрамі, застоллем з блінамі і пірагамі. Нашым юным акцёрам удалося прайграць кожны дзень тыдня.

Бясспрэчна, самыя яркія ўражанні засталіся ад гульняў і спаборніцтваў, бо дзеці змаглі праверыць свой спрыт і паўдзельнічаць у “пеўневых баях”, выявіць самых хуткіх у конкурсе “Бег у мяшках” або ў конкурсе “Накармі матрошку” (перанесці гарох лыжкай з адной міскі ў іншую), памерацца сілай падчас перацягвання каната, выпіць квасу на хуткасць і многае іншае. Усе маглі пачаставацца гарачай гарбатай, блінамі і пірагамі.

Скончылася свята прыходам Вясны і спальваннем пудзіла Масленіцы.

Відавочна, што ў такіх мерапрыемстваў вялікі выхаваўчы патэнцыял: вучні знаёмяцца з народнымі традыцыямі і звычаямі, развіваюць творчыя здольнасці, фарміруецца пачуццё калектывізму і ўзаемадапамогі.

Юлія КЕЛЬНІК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.