×

“Сяброўства без межаў”

06.06.2019 15:14,

З 17 па 19 мая ў гарадской акрузе Шчолкава Маскоўскай вобласці прайшоў IV Міжнародны фестываль “Сяброўства без межаў”. Тэма сёлета — 90-годдзе гарадской акругі Шчолкава.

Гэтым разам фестываль сабраў больш чым 500 чалавек. Удзел узялі школьнікі са Шчолкава, Зорнага гарадка, а таксама дзеці з гарадоў-пабрацімаў Ахтубінска, Цэле (Славенія) і Гродзенскага раёна (Рэспубліка Беларусь).

Цэнтральнымі пляцоўкамі сустрэч сталі лагер “Юнармеец” і ўніверсальны спартыўны комплекс “Падмаскоўе”. На працягу трох дзён каманды ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах.

Каманда Гродзенскага раёна заняла 3 месца ў намінацыі “Камандная песня” і 2 месца ў намінацыі “Фота і відэа”. Дзеці атрымалі безліч яркіх уражанняў, пазнаёміліся з цікавымі асобамі і знайшлі новых сяброў.

Ужо на працягу двух гадоў навучэнцы з Гродзенскага раёна прыязджаюць у лагер “Юнармеец” у рамках міжнароднай змены. У гэтай змене, акрамя дзяцей з Рэспублікі Беларусь, адпачывалі дзеці са Шчолкаўскага раёна, Малдовы, Польшчы і Славеніі.

Для замежных гасцей штогод падрыхтавана вялікая пазнавальна-забаўляльная праграма, цікавыя экскурсіі па Шчолкаўскім раёне і Маскве. Праграма пабудавана такім чынам, што дзеці з розных краін максімальна кантактуюць, з радасцю ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, якія ім прапануюць.

Алена ТЫШЧАНКА,
метадыст Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.