×

Сямейнае дрэва — сімвал дабрабыту і стабільнасці

15.04.2019 14:42,

Па ўсёй краіне ладзяцца мерапрыемствы з нагоды знакавай падзеі — 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У рамках рэалізацыі святочных мерапрыемстваў у Доцішскай сярэдняй школе запланавалі акцыю “Пасадзім сямейнае дрэва — 75”. Скіраваліся на сем’і, у якіх узрост членаў сям’і ў суме складае 75 гадоў. Падрыхтавалі іменныя бэйджы з лагатыпам “75 год вызвалення Беларусі” і дэвізам “У жыватворную глебу пасадзілі сямейнае дрэва надзеі, любові і ўзаемапавагі ў квітнеючай Беларусі”.

Дзве сям’і нашых вучняў Круповіч і Барташэвіч ідэальна адпавядалі патрабаванням акцыі. Яны і сталі актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства. Пятага красавіка дзеці разам з бацькамі высадзілі маладыя дрэўцы, сімвалы сямейнага дабрабыту і росквіту краіны, тым самым далі пачатак добрай традыцыі “Пасадзі сямейнае дрэва”.

Урачыстасць моманту, адказнасць за справу з’яднала нашых герояў. Кволае дрэўца ў маленькіх руках — погляд у будучыню. Стабільнасць сям’і і краіны — у руках маладога пакалення.

Ганна ПТАШЫНСКАЯ,
намеснік дырэктара Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.