×

Тэатральныя канікулы

09.04.2019 14:30,

Жыццё часам прапануе нам дзіўныя, захапляльныя сцэнарыі, а кожны з нас іграе ў гэтай п’есе мноства роляў, пераўвасабляецца ў розныя вобразы. Таму кожны з нас мае непасрэднае дачыненне да тэатра. У Навагрудскім раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі гэта разумеюць і дзеці, і дарослыя. Нядзіўна, што падчас вясновых канікул ахвотных паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах тэатральнага тыдня было шмат. Тыдзень доўжыўся з 25 па 30 сакавіка, уключаючы Сусветны дзень тэатра 27 сакавіка, які святкуецца з 1961 года.

Увесь гэты час цэнтр сустракаў наведвальнікаў незвычайнай тэатральнай фотазонай, якая, як і прынята ў тэатры, адлюстроўвала рухомую казачную карцінку. Жадаючыя сфатаграфавацца ператвараліся ў казачных персанажаў. Тут жа працавала інтэрактыўная тэатральная выстаўка, дзе дэманстраваліся літаратура пра тэатр, дыдактычныя матэрыялы, праграмкі спектакляў мінулых гадоў тэатральнага гуртка “Прэм’ера”, рэквізіт і бутафорыя для правядзення тэатральных эцюдаў.

Пачаўся тыдзень з урачыстага адкрыцця з удзелам казачных герояў. Вядучыя загадвалі дзецям загадкі, праводзілі гульні на развіццё памяці і ўвагі, а затым прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў якасці акцёраў. У выніку атрымаўся вясёлы музычны спектакль-экспромт на сцэне.

У Сусветны дзень тэатра для дзяцей са школьных лагераў выхаванцы тэатральнага гуртка “Прэм’ера” падрыхтавалі спектакль “Нашы добрыя суседзі”. Гледачоў чакалі не толькі прыемныя ўражанні ад прагляду спектакля, але і салодкія тэатральныя карамелькі ад юных акцёраў за актыўны ўдзел у абмеркаванні ўбачанага.

Цэнтральнай падзеяй новага дня тэатральнага тыдня стаў конкурс юных чытальнікаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведваюць розныя аб’яднанні па інтарэсах цэнтра творчасці, прыйшлі ў гэты дзень прачытаць любімыя вершы. Найлепшыя акцёры-чытальнікі атрымалі граматы і памятныя сувеніры. Кожны ўдзельнік меў магчымасць пры дапамозе аквагрыму ператварыцца ў любімага персанажа. Чарговы дзень зноў падрыхтаваў сюрпрыз: на інтэрактыўнай выстаўцы дзеці, якія займаюцца ў тэатральным гуртку, прапанавалі паўдзельнічаць у тэатралізаванай гульнявой праграме “Чароўная скарбонка”. Касцюміраваныя героі казак захаплялі рознымі вясёлымі і павучальнымі заданнямі, якія захоўваюцца ў “чароўнай скрыначцы”.

Завяршыўся тэатральны тыдзень выступленнем маленькіх артыстаў дашкольнага ўзросту, якія наведваюць школу ранняга развіцця “Умка”. Малыя паказалі міні-спектакль “Казка пра дурное мышаня” для самых удзячных гледачоў — бацькоў, бабуль і дзядуль.

Тэатральны тыдзень у цэнтры — гэта яркая і запамінальная падзея. Значыць, вясновыя канікулы прайшлі весела і з карысцю.

Ганна СКВАРАДА,
метадыст Навагрудскага раённага ЦТДіМ.