×

Тэматычная веранда для дашкалят

04.11.2019 11:37,

Радзіма пачынаецца з любові да той зямлі, дзе нарадзіўся і жывеш. Неабходна ведаць гісторыю культуры, славутасці, запаведныя куткі, усё тое, чым славіцца родны горад.

У дашкольнікаў павінна з’явіцца пачуццё нацыянальнага гонару за сваю малую радзіму. Таму наша задача — выхаванне грамадзяніна, які любіць і ведае свой горад, край і ўсё, што з ім звязана.

Лепш за ўсё дзеці засвойваюць матэрыял у гульні, таму ў яслях-садзе № 10 Навагрудка было прынята рашэнне аформіць тэматычную гульнявую веранду “Мая Радзіма — Беларусь”.

На працягу навучальнага года вядзецца работа па далучэнні дзяцей да нацыянальнай культуры, выкарыстоўваюцца ролевыя, рухомыя, дыдактычныя гульні, гульні-драматызацыі, гульні-падарожжа, гульні спаборніцкага характару. Таксама знаёмім дашкольнікаў з народным мастацтвам: арганізоўваем выставы, святы, забавы, інсцэніроўкі, песні, танцы, разглядаем ілюстрацыі, чытаем творы. Не забываем расказваць малым і пра прыроду роднага краю, прыродныя сімвалы Беларусі, пра рэкі, азёры, запаведнікі.

У старшай групе правялі заняткі на тэму “Горад, у якім мы жывём”. Дашкольнікі згадалі назвы вуліц, славутасці горада, назвалі фабрыкі і заводы, музеі.

Для работы з дзецьмі на верандзе “Мая Радзіма — Беларусь” сабраны метадычны і практычны матэрыял, які знаходзіцца ў даступным для дзяцей месцы, адпавядае бяспецы і эстэтычна прывабны. Такі куток — дапамога для бацькоў і педагогаў у фарміраванні ў дзяцей дашкольнага ўзросту ўсведамлення сябе грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, у выхаванні агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей.

Валянціна КАЗАК,
выхавальніца ясляў-сада № 10 Навагрудка.