×

Трэнінг для маладых педагогаў

15.03.2019 16:25,

Педагог — гучыць горда! Гэта не толькі прафесія, але і прызванне, лад жыцця, гатоўнасць адказаць на хвалюючыя пытанні не толькі дзяцей, але і бацькоў. А педагог-пачатковец не павінен забываць пра пастаяннае самаўдасканаленне.

Малады педагог, прыходзячы ў дашкольную ўстанову, вядома, валодае канкрэтнай тэарэтычнай базай для працы, але немалаважныя і асабістыя якасці: жыццёвая пазіцыя, стаўленне да працы, дзяцей, калег і ўменне ўвасабляць тэарэтычныя веды ў практычныя ўменні. На новым месцы працы малады педагог сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі: новы калектыў, незнаёмыя дзеці, якіх бачыш упершыню, іх бацькі. Калі прыходзіць новы педагог, не ўсе бацькі гатовы адразу прыняць яго без вопыту работы, лічачы, што ў яго няма неабходных здольнасцяў для выхавання і навучання іх дзяцей. Тут маладому педагогу неабходна валодаць навыкамі розных тэхнік эфектыўных зносін, якія дапамогуць у вырашэнні праблемных сітуацый, якія ўзнікаюць у рабоце з дзецьмі і бацькамі. Гэта дазволіць палепшыць узаемаадносіны з навакольнымі, у педагагічным калектыве, павысіць прадукцыйнасць дзелавога ўзаемадзеяння.

У яслях-садзе № 10 Смаргоні для маладых педагогаў з мэтай павышэння ўзроўню іх прафесійнага майстэрства ў пытаннях узаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў быў арганізаваны трэнінг “Навучанне навыкам эфектыўных зносін”. У ходзе трэнінгу выкарыстоўваліся розныя спосабы падачы матэрыялу, ужываліся сродкі і прыёмы, якія дазволілі паспяхова вырашыць пастаўленыя задачы.

Так, з дапамогай прыёму мазгавога штурму педагогі змаглі абмеркаваць пытанне, што азначае паняцце “эфектыўныя зносіны” і як яно рэалізоўваецца ў педагагічным працэсе.

З мэтай развіцця здольнасці да самааналізу і самаацэнкі сваёй асобы педагогам было прапанавана практыкаванне, якое дазволіла ацаніць наяўнасць якасцей, неабходных для паспяховых зносін з навакольнымі.

Адзін з новых напрамкаў у навыках камунікацыі — тэхналогія актыўнага слухання. Яе сутнасць заключаецца ў добразычлівым стаўленні да суразмоўцы, жаданні зразумець яго. Удзельнікі трэнінгу пазнаёміліся з метадамі і прыёмамі гэтай тэхналогіі, правіламі актыўнага слухання.

Практычнае практыкаванне “Прычыны — вынікі” дазволіла маладым педагогам пабудаваць схему аналізу пэўнай педагагічнай сітуацыі ў сваёй працы, якая будзе выкарыстоўвацца пры мадэліраванні самых разнастайных сітуацый у далейшым.

Міні-разважанне ад кожнага ўдзельніка на тэму, што такое псіхалагічны кантакт і для чаго ён нам патрэбны ў зносінах з іншымі людзьмі, дазволіла педагогам вылучыць для сябе асноўныя правілы, якія патрэбны для паспяховых зносін і супрацоўніцтва з бацькамі выхаванцаў. Творчае заданне “Заплечнік” садзейнічала фарміраванню пазітыўнага самаўспрымання ў маладых педагогаў, імкнення да самаўдасканалення, усведамлення сваіх моцных і слабых бакоў у зносінах.

У завяршэнні трэнінгу ў практыкаванні “Мае рэсурсы” педагогі змаглі правесці рэфлексію, а менавіта запісаць для сябе рэсурсныя якасці і здольнасці: што ў мяне ёсць, каб эфектыўна мець зносіны і паспяхова вырашаць праблемныя сітуацыі.

Сёння сістэма адукацыі пастаянна мяняецца, удасканальваюцца падыходы ў працы, патрэбны новыя ідэі. Ідучы ў нагу з часам, педагог проста абавязаны расці, авалодваць інавацыйнымі тэхналогіямі навучання і выхавання, умець эфектыўна размаўляць з бацькамі і калегамі. Спадзяёмся, што трэнінгі для маладых педагогаў у гэтым дапамогуць.

Вераніка ЦЫРКУНОВІЧ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 10 Смаргоні.