×

Тыдзень спазнання і добрага настрою

15.03.2019 16:33,

На пачатку сакавіка ў яслях-садзе № 10 Навагрудка прайшоў тыдзень псіхалогіі. Удзел узялі выхаванцы, бацькі, педагогі і спецыялісты ўстановы.

Захапіла акцыя “Экран настрояў”, дзе педагогі з дзецьмі на працягу ўсяго тыдня адзначалі свой настрой. У час марафону “Урокі дабрыні” ў спецыяльную скрынку супрацоўнікі дашкольнай установы змяшчалі пазітыўныя пажаданні і фразы, і кожны мог узяць скрутак і прачытаць. Таксама ва ўсіх узроставых групах вырасла Дрэва дабрыні, дзе бацькі пакінулі пажаданні для педагогаў.

Педагог-псіхолаг праводзіла заняткі і гутаркі “У царстве эмоцый”, “Сцежка радасці”, “Як добра мець сяброў”, розныя дыдактычныя і псіхалагічныя гульні і практыкаванні. Таксама хлопцы і дзяўчаты развучвалі мірылкі, вучыліся рабіць кампліменты іншым і з дапамогай чароўнага шарыка хваліць сябе.

Аформілі стэнд “Вуснамі немаўляці” са смешнымі выказваннямі выхаванцаў групы. Педагогі удзельнічалі ў трэнінгу “Разам мы сіла”, акцыі “Мы — гэта шмат “Я”.

Супрацоўнікі запаўнялі рознакаляровы рамонак з пялёсткамі: “Мой любімы колер...”, “Мая любімая страва...”, “Люблю чытаць…”, “Краіна, у якую вы б хацелі з’ездзіць...”, “Мой дэвіз па жыцці...”, “Мая запаветная мара...”, “Мая лепшая якасць...”.

Акцыя дапамагла даведацца шмат новага адзін пра аднаго, стаць бліжэйшымі, спрыяла згуртаванню калектыву.

Людміла ДАВІДОВІЧ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 10 Навагрудка.