×

У будучыню — з традыцыямі

28.11.2019 11:50,

Менавіта гэтыя словы сустракаюць кожнага, хто ўваходзіць у будынак Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага, і найбольш ярка характарызуюць тэндэнцыю развіцця навучальнай установы, якая ў лістападзе гэтага года будзе адзначаць 80-годдзе існавання. Але размова з дырэктарам каледжа Алегам Рыгоравічам Рахунком ішла не столькі аб гісторыі, колькі аб дні заўтрашнім. А планаў тут шмат.


Cтэнд з геліякалектарам.

— Алег Рыгоравіч, Гро­дзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага — вядомая і аўтарытэтная навучальная ўстанова Гро­дзенскай вобласці. Сярод яе выпускнікоў — навукоўцы і кіраўнікі прадпрыемстваў, тысячы выдатных спецыялістаў. На вашу думку, што ляжыць у аснове паспяховай дзейнасці?

— Вельмі важна, калі калектыў аб’яднаны агульнай справай і бачыць перспектывы. Мы робім стаўку на апераджальнае навучанне. Гэта значыць неабходна ўбачыць тое, што будзе патрэбным у найбліжэйшы час у плане прафесійным і ў плане забеспячэння навучання матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі, набыць самае сучаснае абсталяванне, падрыхтаваць спецыялістаў да такога навучання. Нядаўна набылі аўтаматызаваную сістэму кантролю і ўліку спажывання электра­энергіі, якая ў хуткім часе будзе выкарыстоўвацца амаль ва ўсіх жылых дамах, на прадпрыемствах. Абсталяванне сучаснае і перспектыўнае. Менавіта на такой сучаснай тэхніцы трэба вучыць моладзь.

Адкрываем новыя, запатрабаваныя ў эканоміцы, спецыяльнасці. Адзіныя ў Гродзенскай вобласці рыхтуем па спецыяльнасці “Электроніка механічных транспартных сродкаў”. Сучасная аўтатэхніка, сельскагаспадарчая і іншая тэхніка маюць камп’ютарнае, электроннае кіраванне, якое, у сваю чаргу, патрабуе кваліфікаванага абслугоўвання і выкарыстання.

З будучага года плануем пачаць падрыхтоўку спецыялістаў па электратранспарце. У горадзе актыўна развіваецца бескантактны гарадскі транспарт, з’яўляюцца ўласныя электрамабілі, будуюцца зарадныя станцыі. Яны таксама патрабуюць кваліфікаванага абслугоўвання.

— І ў сувязі з гэтым як бачыце дзейнасць адзінага ў вобласці рэсурснага цэнтра па спецыяльнасцях электратэхнічнага напрамку?

— Рэсурсны цэнтр працуе з 2016 года і зараз уключае тры вучэбныя кабінеты, тры лабараторыі, тры майстэрні. Тут вядзецца навучанне па спецыяльнасцях “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання” і “Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання”. Для правядзення заняткаў вытворчага навучання створаны стэнды па мантажы радыёапаратуры, мантажы кватэрных электраправодак, аўтаматызацыі асвятлення, аўтаматызацыі электрапрывода, мантажу сілавога электра­абсталявання. У рамках падрыхтоўкі да конкурсу WorldSkills былі створаны рабочыя месцы для адпрацоўкі ўменняў і навыкаў у кампетэнцыі “Электрамантажныя работы”.

Адметнай асаблівасцю рэсурснага цэнтра з’яўляецца тое, што навучэнцы вывучаюць магчымасці прымянення розных сістэм аўтаматызаванага кіравання асвятленнем, электрапрыводам і электрычнымі сістэмамі. Вялікая колькасць абсталявання створана сіламі нашых супрацоўнікаў. Вучыцца ў рэсурсны цэнтр прыязджаюць з усіх устаноў прафесійнай адукацыі вобласці. Таксама ў каледжы дзейнічае праграма па адукацыі дарослага насельніцтва. У сярэднім за год праходзяць навучанне каля тысячы чалавек.

Плануем развіваць дзейнасць рэсурснага цэнтра ў кірунку аўтамабільных тэхналогій і стварыць у яго межах вучэбную станцыю тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў. Такі вопыт у нас ужо ёсць, і ён паказаў сваю эфектыўнасць і ў плане навучання, і ў плане прыцягнення пазабюджэтных сродкаў. Нашы навучэнцы маюць таксама магчымасць атрымаць дадатковую кваліфікацыю — “манціроўшчык шын” — і вучыцца не толькі на трэнажорах, але і на сапраўдных аўтамабілях і агрэгатах.

— Сярод галоўных задач дзейнасці каледжа разам з падрыхтоўкай спецыялістаў вызначана садзейнічанне ўсебаковаму развіццю асобы, фарміраванню ў навучэнцаў высокай маральнасці, прафесійных і грамадзянскіх якасцей, творчай ініцыятывы. Якія ініцыятывы будзеце падтрымліваць і рэалізоўваць у найбліжэйшы час?

— Мы падтрымліваем кожную пазітыўную, стваральную актыўнасць нашых супрацоўнікаў і навучэнцаў. Ініцыятыў гэтых шмат і ў творчасці, і ў спорце, і ў грамадскіх справах. Кожны год прадстаўнікі каледжа адзначаюцца стыпендыямі спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прэміяй абласнога выканаўчага камітэта імя А.І.Дубко. Цікавай справай, якая аб’яднае ўвесь калектыў, лічу, стане стварэнне абласнога інфармацыйна-адукацыйнага цэнтра па энергазберажэнні. Ставіцца задача расказваць пра альтэрнатыўныя крыніцы энергіі і аказваць садзейнічанне ў іх выкарыстанні. Адкрыты гэты цэнтр будзе для ўсіх: навучэнцаў, супрацоўнікаў сферы энергетыкі, грамадзян.

Каледж шмат працуе ў галіне эфектыўнага спажывання энергарэсурсаў, актыўна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах. Так, па выніках удзелу ў абласным, а затым і ў Рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон” дзякуючы навучэнцам і настаўнікам былі атрыманы грашовыя сродкі, якія накіраваны на ўкараненне энергаэфектыўных мерапрыемстваў у каледжы.

Актуальнасць атрымання энергіі з дапамогай сонца, вады, ветру ўжо дэманструем у каледжы. У спецыяльным кабінеце ўсталявалі стэнды з геліякалектарам, сонечнымі батарэямі, ветравой устаноўкай, на якіх адпрацоўваюцца навыкі іх выкарыстання. Вада ў кабінеце грэецца з дапамогай геліякалектара. У перспектыве плануем з дапамогай альтэрнатыўных крыніц энергіі забяспечваць жыццядзейнасць грамадска-бытавога корпуса каледжа.

Сярод задач, якія таксама ставім, — стварэнне дэманстрацыйнай пляцоўкі па ўкараненні альтэрнатыўных крыніц энергіі, кадравае забеспячэнне інфармацыйнай дзейнасці і прафесійнага навучання грамадзян, падрыхтоўка спецыялістаў для перспектыўных галін эканомікі, у першую чаргу высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей, арганізацыя шматузроўневай сістэмы бесперапыннай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і  павышэння кваліфікацыі спецыялістаў па пытаннях энергазберажэння, распрацоўка інфармацыйна-метадычных матэрыялаў.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Гродзенскім дзяржаўным электратэхнічным каледжам імя І.Шчаснага.