×

У дзіцячы сад без слёз

07.08.2019 14:48,

Практычна ўсе бацькі рана ці позна сутыкаюцца з сітуацыяй, калі іх малышы павінны знаёміцца з дзіцячым садам. У яслях-садзе 6 Навагрудка ў ліпені працавалі адаптацыйныя группы кароткачасовага знаходжання перад залічэннем дзіцяці ў дашкольную ўстанову.

Заняткі з дзецьмі праводзяць выхавальнікі групы ранняга ўзросту Кацярына Данчанка, Іна Вінаградава, Святлана Майніч, якія будуць і ў далейшым працаваць з дзецьмі пасля іх залічэння ў яслі-сад. Яны ствараюць умовы для камфортнага знаходжання дзіцяці ў групе на працягу трох гадзін. Імкнуцца, каб яслі-сад стаў для дзіцяці месцам, дзе яму ўтульна, добра, весела: для гэтага ствараюць спакойную абстаноўку, вядуць індывідуальную работу з кожным дзіцем, праяўляюць давер, любоў і павагу, каб кожнае дзіця было ўпэўнена: мяне ў групе чакаюць з нецярпеннем, а значыць, я — добры, мяне любяць. З малымі арганізуюць развіваючыя гульні і заняткі, рухавыя і тэатралізаваныя гульні, якія спрыяюць здыманню напружання, выклікаюць у дзяцей станоўчыя эмоцыі і пачуцці, дазваляюць засвоіць правілы паводзін у групе, падрыхтаваць малога да паступлення ў дашкольную ўстанову.

У дзіцячым садзе дзіця не толькі праводзіць свой час у адсутнасць бацькоў, тут яно развіваецца як асоба, вучыцца з аднагодкамі і дарослымі, рыхтуецца да школы.

Таццяна КАЛАНОВІЧ,
загадчыца ясляў-сада № 6 Навагрудка.