×

У гасцях у доктара Айбаліта

07.08.2019 12:25,

У яслях-садзе № 11 Навагрудка прайшоў дзень здароўя. У нашай установе гэта не проста частка выхаваўчай работы, а яшчэ і свята для дзяцей.

Раніцай з пажаданнямі здароўя і вясёлай музыкай “На зарадку станавіся!” дзяцей сустрэў вясёлы клоўн Клёпа. Ён правёў займальныя гутаркі пра здароўе.

Дзяўчынкі і хлопчыкі пабывалі ў гасцях у доктара Айбаліта, дзе паглыбілі свае веды аб прадметах асабістай гігіены, аб неабходнасці мыць рукі, твар, сачыць за знешнім выглядам.

А затым дзяцей на прагулцы чакалі вясёлыя клоўны Клёпа і Сцёпа, якія падрыхтавалі займальныя конкурсы, рухавыя гульні, стваралі праблемна-гульнявыя і практычныя сітуацыі, накіраваныя на фарміраванне ў дзяцей уяўленняў аб здаровым ладзе жыцця, захаванне і ўмацаванне фізічнага і псіхічнага здароўя.



Скончыўся дзень здароўя цікавай крыжаванкай “Здароўе — чароўная краіна”. Дзеці атрымалі зарад бадзёрасці і добрага настрою, шмат ведаў, а потым яшчэ доўга жадалі адзін аднаму здароўя!

Алёна ГРЫЦ,
выхавальніца
ясляў-сада № 11 Навагрудка.