×

У памяць пра настаўніка

24.03.2020 11:35,

Традыцыйна 14 сакавіка ў Вензавецкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці праходзіць турнір па валейболе, прысвечаны памяці былога настаўніка фізічнай культуры і здароўя Вікенція Вікенцьевіча Ціхановіча.

Адкрылі мерапрыемства першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” К.У.Хілімончык і старшыня прафсаюзнага камітэта пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Вензавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы А.В.Роўба. У прывітальным слове госці турніру адзначылі, што Вікенцій Ціхановіч быў не проста настаўнікам фізкультуры, а перш за ўсё настаўнікам, які прывіваў вучням любоў да спорту, да здаровага ладу жыцця. Вікенцій Вікенцьевіч вучыў дзяцей дамагацца пастаўленых мэт у спартыўных спаборніцтвах, быць адказнымі, сумленнымі і справядлівымі. За гэта яго любілі, паважалі.

Сёлета ў турніры прынялі ўдзел тры каманды: КСУП “Вензавец”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, Вензавецкі дзіцячы сад — сярэдняя школа. У выніку складанай і напружанай барацьбы месцы размеркаваліся наступным чынам: пераможцам стала каманда ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, “серабро” заваявала каманда Вензавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, а “бронзу” забрала КСУП “Вензавец”. Каманды ўзнагароджаны граматамі і памятнымі падарункамі.

Аксана РОЎБА,
старшыня прафсаюзнага камітэта пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Вензавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.