×

У пошуках прафесійных арыенціраў

07.08.2019 14:24,

Калі ты старшакласнік, не за гарамі той час, калі прыйдзецца рабіць свой прафесійны выбар. Тады лета неабходна правесці як мага больш плённа. А што можа быць лепш за летнік, дзе сябры, з якімі заўсёды весела, педагогі, якія дапамогуць вызначыць твае прафесійныя арыенціры! Акрамя гэтага, ёсць выдатная магчымасць зрабіць нешта карыснае для роднай школы, унесці свой уклад у агульную справу.

Гэтым летам свае прафесійныя перавагі вызначалі вучні Шчорсаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, наведваючы летнік працы і адпачынку “Арыенцір”.

Працоўнае выхаванне мае вялікае значэнне для фарміравання асобы маладога чалавека. Але не ўсе падлеткі сёння шануюць працу іншых людзей, умеюць працаваць з самааддачай і адказна ставяцца да даручанай справы. Таму, арганізуючы летнік працы і адпачынку, хацелася паказаць вучням, як важна ўмець працаваць, не перакладаючы справу на другіх, адказваць за вынік.

Старшакласнікі, якія наведваюць летнік, аказалі пасільную дапамогу ў падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года: дапамагалі рамантаваць вучэбныя кабінеты, працавалі ў школьнай бібліятэцы, збіралі макулатуру, добраўпарадкоўвалі школьную тэрыторыю, стадыён.

Акрамя таго, падлеткі маглі з карысцю адпачыць: для іх праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы, інтэлектуальныя віктарыны.

Варта адзначыць, што пры планаванні работы летніка акцэнт быў зроблены на выкарыстанне новых форм арганізацыі вольнага часу вучняў. Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі вэб-квест “Мінск — горад-герой”, гістарычны квест “Навагрудак учора і сёння”, віртуальнае падарожжа “У добры шлях па Гродзенскай зямлі”, вусны часопіс “Нашы землякі — героі Вялікай Айчыннай вайны”.

Ну а самым галоўным для вучняў стала знаёмства з асаблівасцямі розных прафесій: яны праглядалі відэаролікі пра тое, што непасрэдна даводзіцца рабіць прадстаўнікам розных прафесій; вывучалі, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, выбіраючы пэўную прафесію; разважалі, як неабходна зрабіць свой прафесійны выбар, чым кіравацца, чаму аддаваць прыярытэт; здзейснілі віртуальнае падарожжа ў свет прафесій.

Думаю, што веды і навыкі, набытыя за час працы летніка, дапамогуць дзецям не памыліцца пры выбары будучай прафесіі. Яны абавязкова будуць імкнуцца да прафесійнага майстэрства, вучыцца пераадольваць сябе для дасягнення пастаўленых мэтаў.

Анжаліка ГОМЗА,
дырэктар летніка працы і адпачынку “Арыенцір” Шчорсаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.