×

У сувязі з усімі “інстытутамі” мікрараёна

09.08.2019 11:48,

У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі маральнага развіцця вучняў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара” мы імкнёмся дапамагчы нашым дзецям здабываць вопыт у рэальнай сацыякультурнай прасторы, бо яна фарміруе духоўнасць і маральныя якасці асобы.

Выбар тыпу выхаваўчай прасторы невыпадковы, ён залежыць ад соцыуму, у якім знаходзіцца наша Гудзевіцкая школа. Яна з’яўляецца адным з цэнтраў культурнага жыцця і каардынатарам арганізацыі вольнага часу вучнёўскай моладзі. Мы зразумелі, што само па сабе школьнае жыццё не можа аказаць рашаючага ўплыву на сацыялізацыю школьніка ў адрыве ад іншых сацыяльна-выхаваўчых інстытутаў грамадства. Таму для фарміравання ў вучняў патрэбы і гатоўнасці ўдасканальваць сваю асобу, развіваць свае здольнасці і самасвядомасць наша школа цесна ўзаемадзейнічае з Гудзевіцкім сельскім выканаўчым камітэтам, Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеем, Цэнтрам вольнага часу і культуры, філіялам “Гудзевіцкая сельская бібліятэка-цэнтр нацыянальнай культуры”, царквой Раства Прасвятой Багародзіцы.

Адназначна асобае месца ў выхаваўчай прасторы адводзіцца Гудзевіцкаму дзяржаўнаму літаратурна-краязнаўчаму музею. Пра нашу вёсачку ўжо даволі шмат расказвалі ў СМІ, але ні газета, ні радыёэфір, ні тэлеэкран не могуць поўнасцю перадаць яе непаўторнасць, багацце і прыгажосць. Для гэтага лепш наведаць літаратурна-краязнаўчы музей. У ім можна знайсці ўсё, што звязана з жыццём аднавяскоўцаў, убачыць прыгажосць роднага краю. Часта тут праводзяцца ўрокі і выхаваўчыя гадзіны. Мы даўно ўпэўніліся ў тым, што такі спосаб навучання дае вучням не толькі пэўныя веды, але садзейнічае фарміраванню асобы, выхоўвае высокія маральныя якасці, дапамагае далучыцца да тых каранёў, якімі і цяпер жыве наш народ. Саветам музея распрацавана сістэма работы, вядзецца краязнаўча-даследчая работа, тут праводзяцца сустрэчы з народнымі майстрамі і краязнаўцамі нашай мясцовасці. Кожны фальклорны паход дазваляе вучням упэўніцца ў тым, што Гудзевіцкая зямля заўсёды поўнілася талентамі. Мы ладзім традыцыйныя гасцёўні з вядомымі пісьменнікамі Прынёмання. Пасля такіх сустрэч вучні не застаюцца абыякавымі, спрабуюць  свае сілы ў паэзіі і прозе.  Бацькі і дзеці здзяйсняюць фальклорныя экспедыцыі па збору легенд, прыказак і прымавак, святаў і абрадаў нашай мясцовасці. Увесь назапашаны матэрыял выкарыстоўваецца для правядзення каляндарна-абрадавых свят, напрыклад, “Калядак”, “Масленіцы”, “Вялікдня”.

Асноўнай мэтай Цэнтра вольнага часу і культуры з’яўляецца арганізацыя сумеснага вольнага часу бацькоў і дзяцей вечарам, у выхадныя і святочныя дні, які б змог задаволіць і развіць іх культурныя патрэбы і інтарэсы. На базе цэнтра працуе шэраг сумесных гурткоў для дзяцей і бацькоў: музычна-драматычны, танцавальны, дзіцячая вакальная група, фальклорная група, дзіцячая эстрадная студыя. Работнікі Цэнтра вольнага часу і культуры арганізуюць і праводзяць святы мікрараёна: свята дзяцінства да Міжнароднага дня абароны дзяцей, сямейныя святы напярэдадні Дня сям’і, каляндарна-абрадавыя святы, святы вёсак. Разам з дзецьмі ў гэтых мерапрыемствах актыўны ўдзел прымаюць і прадстаўнікі грамадскасці.

Не застаецца ўбаку і філіял “Гудзевіцкая сельская бібліятэка-цэнтр нацыянальнай культуры”. Ён прадастаўляе ўсім жадаючым магчымасць для самастойнага набыцця ведаў. Каб зацікавіць дзяцей чытаннем, супрацоўнікі бібліятэкі шукаюць інавацыйныя формы работы, новыя цікавыя тэмы. Бібліятэкары канстатуюць той факт, што значна павялічылася колькасць наведванняў і кнігавыдач, а міні-апытанні сведчаць пра тое, што вучні чытаюць з задавальненнем.

У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі маральнага развіцця вучняў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара” распрацаваны сумесны план работы школы і царквы па духоўна-маральным выхаванні. На занятках дзецям расказваюць, што свет створаны Творцам з любоўю. Свет не хаатычны, не выпадковы. Ён заканамерны, разумны. І мы можам зрабіць яго яшчэ больш прыгожым, калі будзем рабіць усё з дабрынёй, будзем цярпліва пераадольваць перашкоды з дапамогай Божай, абапіраючыся на Яго запаведзі. Вучні здзяйсняюць таксама працоўныя дэсанты па добраўпарадкаванні царквы і тэрыторыі вакол яе, выступаюць перад прыхаджанамі на Каляды і Вялікдзень.

Нас, педагогаў, радуе тое, што мы змаглі ў нашых вучнях абудзіць цікавасць да гісторыі свайго роднага краю, свайго народа, яго традыцый, здолелі аб’яднаць усе мясцовыя “інстытуты”. Гэта дапамагае ўдасканальваць нашу выхаваўчую сістэму так, каб яна станавілася больш гнуткай, мабільнай і адкрытай.

Ніна СЛАВУТА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 7 класа Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці